Вольны Нясьвіж
Пятница, 29.03.2024, 11:06
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Главная » 2010 » Октябрь » 17 » Байкот - адзінае выйсьце
22:43
Байкот - адзінае выйсьце

  Зянон Пазьняк: Фальшывыя выбары, фальшывыя паводзіны

(Выступ на кастрычніцкім Сойме Беларускага Народанага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)



Галоўная наша праца цяпер павінна быць накіравана на байкот фальшывых выбараў. Фармальна выглядае так, што пасьля выхаду Гайдукевіча з выбарчай кампаніі ўзьніклі эфэктныя магчымасьці для байкоту, каб перакуліць усю фальсіфікацыйную сістэму рэжыму. Дзеля гэтага трэба было б, каб усе спаборнікі зьняліся, адмовіліся б удзельнічаць у выбарчай камэдыі. Але тут цалкам памылковае спадзяваньне. Справа ў тым, што Гайдукевіч рэжыму ўжо і не патрэбны. Усе гэтыя 15 спаборнікаў (ці колькі іх там) выконваюць у гэтай сытуацыі ролю калектыўнага спарынг-партнёра Лукашэнкі (і кожны паасобку таксама). Цікава, што Лукашэнка сваім калгасным розумам адразу тое зразумеў і нават папрасіў свой электарат падпісвацца за іх удзел у выбарах, каб кожны прэтэндэнт сабраў сто тысяч подпісаў. (Лукашэнка, як вядома, асоба цалкам бяз гумару, але тут гэта выглядае дэманстратыўным зьдзекам над прастачкамі).

Ніхто зь іх не адмовіцца і не гатовы адмовіцца ад удзелу ў рэжымных выбарах дзеля барацьбы з рэжымам. (У дужках зазначу, акрамя хіба што Някляева, але ў адзіночку рабіць такое няма сэнсу і для спаборніка будзе фатальна шкодным).

Усе гэтыя людзі, якія йдуць кандыдатамі на выбары, ведаюць, што яны ў прынцыпе не перамогуць. Яны цудоўна разумеюць, што такое фальсіфікацыйная машына рэжымнага галасаваньня. Яны голасна пра гэта кажуць, але ўсёроўна ідуць на выбары і няшчыра ўсклікаюць на публіку, што перамогуць. (Адзначу, ізноў – акрамя Някляева, які, відаць, сапраўды думае і верыць, што пераможа).

Дык вось, чаму тыя хто разумеюць, што перамога на выбарах будзе намалёвана толькі Лукашэнку, чаму тыя ўсё ж ідуць на іх дабрахоць спарынг-партнёрамі да ўзурпатара ўлады і права ў чацьвёрты раз балатавацца на пасаду прэзыдэнта? Адказ на гэта ляжыць на паверхні і ёсьць у гісторыі ўсіх рэжымных выбараў. Для адных гэта, як у тым анэкдоце, — не дагнаць, дык сагрэцца, для некаторых засьвяціцца, для іншых задаволіць амбіцыі на гіблай справе, але для дасьведчаных – гэта змаганьне за месца "кандыдат-электа” (ўжывем такі тэрмін), які прэтэндуе прадстаўляць потым "апазыцыю”, "дэмсілы” і таму падобныя словаўтварэньні перад Захадам і Усходам.

У 2006 годзе такія кандыдат-электы былі падрыхтаваныя два. Яны па пляну Крамля павінны былі падзяліць і "спусьціць у пясок” пратэстны электарат, што яны ў непрывычнай да подлых паліттэхналёгіяў Беларусі спраўна выканалі.

Мілінкевіч пяць гадоў прадстаўляў у Брусэлі словазлучэньне "дэмапазыцыя”, разьвіваў дзейнасьць, кіраваў рэсурсамі і г.д. Чым усё скончылася – ведаем: Захад спадзяецца на новага ўнівэрсальнага кандыдат-электа.

Заходні накірунак для Лукашэнкі не галоўны. Тым часам на ўсходнім не павінна было быць нікога акрамя яго. Крамлёўскія таемныя спадзевы тут не ажыцьцявіліся. Рэжым схаваў Казуліна на пяць з паловай гадоў за краты, а Пуцін потым вытурыў і Г. Паўлоўскага, "архітэктара” афёры.

На месца Мілінкевіча ўжо два гады мэтанакіравана і пасьлядоўна рыхтуе сябе Саньнікаў. Гэта найбольш прарасейскі спаборнік і найбольш палітычна выраблены. У апошнім інтэрвію для "Газета.Ru” (ад 8 кастрычніка 2010 г.) ён, фактычна, прыняў усе асноўныя прэтэнзіі Крамля да Беларусі, ад якіх адбіваецца нават Лукашэнка. Пазыцыя проста ганебная. Але такая ў яго тактыка: казаць можна, што хочаш, адказваць за словы ня прыдзецца, бо на прэзыдэнта ня выберуць, а Маскве прыемна.

Ад таго, што Саньнікаў замяніў бы Мілінкевіча, у прынцыпе нічога не зьмянілася б, кадрава і функцыянальна гэта тое ж самае. Гэта ратацыя, толькі асоба іншая. Але гэтае "прызначэньне”, як і ў 2006 годзе, будзе шмат залежыць ад Лукашэнкі: у залежнасьці колькі адсоткаў "за” выдзеляць Саньнікаву – 2 ці 7. А то могуць і спадару Раманчуку накінуць сем і шэсьць дзесятых. Кадравы выбар ёсьць.

Цяпер усе гэтыя спаборнікі разам гробяць адчувальную магчымасьць скіраваць грамадзтва супраць рэжыму, шляхам байкоту выбараў, шляхам непрыходу на галасаваньне, каб агаліць фальсіфікацыю, зрабіць яе яўнай, вывесьці людзей на другі бок ад афёрнай паласы і ствараць умовы для антырэжымнай кансалідацыі. А ўвогуле, спаборніцтва за кандыдат-электа на незаконных выбарах Лукашэнкі ёсьць схаваная форма калябарацыі з рэжымам.

х х х

Цікава назіраць за крамлёўскім спэктаклем трох акцёраў, які ўжо йдзе некалькі месяцаў. Нядаўна паказалі чацьвёрты акт "Хроснага Бацькі”. Дазавана палохаюць Лукашэнку. Але не на сьмерць (хоць інфармацыя "на сьмерць” у Масквы ёсьць), а так, каб баяўся і каб правёў выбары, зрабіў сябе прэзыдэнтам, якому страшна. Масква думае гэткім чынам загнаць свайго сатрапа ў кут і прымусіць аддаць усё, што запатрабуюць.

Прытым спадар Мядзьведзеў стаў такі актыўны, такія фармулёўкі, так імкнецца дастаць саўдзельніка, каб ён увязаўся ў барацьбу. Ад Мядзьведзева некаторыя такой хітрамудрасьці і не чакалі. Сам ён чысьценькі, ні Беслана, ні Дуброўкі, ні Валгадонска з Масквой, ні Чачэніі, ні Курска і рукі не ў крыві. А хутка ж выбары ў Расеі. І так і гэтак правакуе Лукашэнку.

Лукашэнка маўчыць, куды сьпяшаць, усё зразумеў. Пуцін маўчыць (нос у пуху), таксама ўсё разумее. А Мядзьведзеў сьмелы – вунь і Лужкова зьняў насуперак Пуціну. Словам, тыповая маскоўска-гэбоўская інтрыганская палітыка, нячыстая і лжывая.

Беларусь ужо амаль уцягнулі ў гэтую інтрыгу. Тут ёсьць для нас плюсы і мінусы. Беларусам вельмі важна пазбавіцца ад Лукашэнкі, а расейцам ад Пуціна. Толькі ці змогуць нашыя палітычна даверлівыя беларусы добра з’арыентавацца ў гэтай зграі? Некаторыя ўжо гатовыя за Расею ілбом стукаць, каб дапамагала Лукашэнку зьняць.

Компас тут павінен быць адзін: наша незалежнасьць, наша ўласнасьць, наша мова і культура і наша свабода. Гэтым не гандлюем. Хай яны між сабой змагаюцца. Гэта ня ёсьць нашыя прыяцелі. Мы ня мусім станавіцца ні на чый іхні бок, бо ў нас ёсьць свой бок – беларускі і яго мы мы павінны абараняць і ад тых і ад гэтых. Нам стане вольна, калі зьнікнуць абодва. А час ужо настае, званочкі празьвінелі. Незабывайма пра свабоду.


Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту
"Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі – БНФ
10-11 кастрычніка 2010 г.

Просмотров: 566 | Добавил: Brama | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Nasa Niva newspaper web version GISMETEO: Погода по г.Несвиж
Корзина
Валюта



Поиск
Календарь
«  Октябрь 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024 Бесплатный конструктор сайтов - uCoz