Вольны Нясьвіж
Пятница, 19.04.2024, 07:50
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Главная » 2009 » Октябрь » 6 » Няма сьвята на сэрцы і ў душы
01:19
Няма сьвята на сэрцы і ў душы

Няма сьвята на сэрцы і ў душы

2 кастрычніка ў школе звычайны працоўны дзень, але дзеці зусім не настроеныя на заняткі і разьлічваюць на паблажкі.Прыемна бачыць вясёлыя добразычлівыя дзіцячыя твары, прымаць іхныя віншаваньні. Вось толькі сьвята ў душы няма, бо сёньня “Дзень настаўніка” – гучыць, як зьдзек над настаўнікам.

Пагардлівыя адносіны і прыдзіркі вышэйстаячага начальства і правяральшчыкаў, бяссэнсоўныя патрабаваньні выконваць пустапарожнія заданьні, фармалізм і паператворчасьць – усё гэта, і шмат чаго іншага, сёняшняя рэчаіснасьць беларускіх настаўнікаў. Уся былая савецкая сыстэма адукацыі трэснула і з кожным годам развальваецца ўсё больш і больш.

Мой дзядуля усё жыццё адпрацаваў настаўнікам, ім і памёр. Напачатку 20-га стагоддзя скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, працаваў пры бальшавіках, пад польскай і нямецкай акупацыях, а пасьля вайны – пад савецкай. Ён распавядаў аб высачайшым статусе настаўніка на вёсцы ў даваенныя часы. Настаўніку і сьвятару людзі давяралі абсалютна, ставіліся з асаблівай павагай і гэты узровень трымаўся бязагаворачна. Настаўніцкая парада каштавала дорага, падман быў не сумяшчальны з людзьмі гэтай прафесіі.

Заробак пры “панскай польшчы” таксама быў суадносны высокаму маральнаму узроўню настаўніка і дазваляў ягоннай жонцы займацца гаспадаркай і выхаваньнем дзяцей. “На адзін месячны заробак я мог купіць карову,” – распавядаў мой дзядуля, узгадваючы тыя часы.

Але грошы – гэта зусім не галоўнае, што адрозьнівала таго настаўніка ад сучаснага. Сумленьне чалавечая годнасьць, прыстойнасьць дазвалялі  настаўніку таго часу заставацца чалавекам высокага званьня – інтэлігентам.

Пра сёньня і ня хочацца гаварыць. Школа прымушае да крывадушша, бо патрабуецца выконваць указаньні, якія ня ўпісваюцца не толькі ў прафесійны кодэкс, але й ідуць ў разрэз з асабістым сумленьнем. Адсюль і гэткія адносіны да настаўнікаў з боку бацькоў. Паслухмяны, пакладзісты прыстасаванец, запалоханы чалавек ня можа мець той павагі і аўтарытэту, пра якія распавядаў мой дзед. У сваю чаргу “апушчаныя” настаўнікі таго і вартыя, ды ў краіне, дзе правяць “кухаркі” іначай быць і не павінна.

Сёняшняга настаўніка вымушаюць хлусіць і ён “добрасумленна” спраўляецца з гэтым абавязкам. Прорва ўсялякіх пустапарожніх дырэктыў, ўказаньняў, інструкцый. Гара мукулятуры, якая чамусьці завецца “дакумэнтацыяй”, армія правяральшчыкаў-начальнікаў, мэта дзейнасьці якіх зводзіцца не да таго, каб дапамагчы ў працы, а каб прынізіць і раздушыць асобу, чалавечую сутнасьць у настаўніку, ператварыўшы яго ў паслухмянага халопа рэжыма. Хто з бацькоў хацеў бы, каб яго дзіця выхоўвалася такім педагогам?

Зрабілася нормаю прыцягваць настаўнікаў да абслугоўваньня столікаў (у якасьці афіцыянтаў) пад час правядзеньня ў школе розных хлебасольных пікнікоў ды фуршэтаў кшталту “Зьлётаў пераможцаў конкурсаў”, “Канферэнцый дырэктароў” ды розных іншых высокіх тусовак. Настаўнік-афіцыянт – гучыць ганарова, ці непраўда?

Мне аднойчы давялося трапіць за такі стоік разам з вучнямі, якія ўдзельнічалі ў “абласным велапрабегу”, прысьвечаным бясьпецы дарожнага руху. У маіх вучняў “адвісьлі сківіцы”, калі іх абслугоўвалі ў якасьці прыслугі і прыбіралі пасьля столікі іхныя настаўнікі. Дзіка і няёмка, але гэта сёняшняя нармальная рэчаіснасьць.

Больш за тое, раней на ўсіх спартовых выязных спаборніцтвах вучні і настаўнікі, якія былі зь імі атрымлівалі гарачае харчаваньне. Звычайна настаўніцкія порцыі даставаліся вучням, што былі ў камандзе па-за лімітам удзельнікаў (запасныя, лічнікі). Сёньня настаўнікаў загадана не карміць (а то яшчэ растаўсьцеюць на казённых харчах), хай сабе душацца “буцікамі”, альбо глытаюць сьлінкі, калі арганізуюць харчаваньне сваіх падначаленых. Метода запазычаная ў нямецкіх, ды савецкіх канцынтрацыйных лягерох – быццам бы з мэтай эканоміі, а на справе –  чарговае прыніжэньне чалавечай годнасьці.

У гэтым пляне вельмі красамоўны выпадак. Настаўнік пенсійнага ўзросту, пакарміўшы сваіх школьнікаў-спарцмэнаў, выпрошваў корачку хлеба ў сталоўцы Сноўскай школы. Праблема ў тым, што хворы страўнік, а пахарчавацца немагчыма нават за грошы, бо колькасьць порцый выраблена строга па колькасьці заяўленых дзяцей. Але ў тых, хто выдумляе ўсё новыя спосабы глумленьня над асобай настаўніка ёсьць аргумэнт (дакладна ў стылі назіральнікаў канцлягера) – “Можете зараніе заказаць сібе порціі”… Хіба ня зьдзек?

Можа няварта было б пра ўсё гэта ўзгадваць, але з процьмы гэткіх дробязей складаецца жыцьцё і асоба нашага настаўніка, настаўніка – раба нашага рэжыма. А каго выхоўвае раб, вядома.

Алесь Язьвінскі


Просмотров: 558 | Добавил: Brama | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Nasa Niva newspaper web version GISMETEO: Погода по г.Несвиж
Корзина
Валюта



Поиск
Календарь
«  Октябрь 2009  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024 Бесплатный конструктор сайтов - uCoz