Вольны Нясьвіж
Пятница, 19.04.2024, 11:18
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Главная » 2010 » Январь » 30 » Працяг тэмы шасці настаўнікаў
01:06
Працяг тэмы шасці настаўнікаў


Каб не памерці з голаду, Аляксандр Жыткевіч ледзь не прадаў сваю нырку


Сітуацыя з настаўнікамі Міншчыны, якіх абласное начальства ад адукацыі паставіла перад выбарам: хочаш застацца на працы — зыходзіш з партыі, — нагадала мне гісторыю апазіцыянера з Віцебскай вобласці Аляксандра Жыткевіча. Гісторыю, якая паказвае, чым рызыкуюць тыя, хто жыве ў раёне і па той ці іншай прычыне згубіў працу. А тым больш тыя, хто асмеліўся выказаць нязгоду з "лініяй партыі”.


Без работы зубны фельчар з вёскі Бычыхі Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці Аляксандр Жыткевіч сядзеў амаль сем месяцаў. Летам мінулага года "Народная Воля” пісала пра яго. Тады Аляксандр быў беспрацоўным другі месяц, усе спробы знайсці работу не мелі поспехаў, і ад адчаю малады чалавек абвясціў галадоўку.

Сітуацыя гэта была складаная, неадназначная. Справа ў тым, што працы Аляксандр Жыткевіч пазбавіўся пасля суда. Маладога фельчара, які не паспеў і года адпрацаваць пасля заканчэння Аршанскага медыцынскага каледжа, абвінавацілі ў атрыманні "ўзнагароды” ад пацыента. Аляксандра судзілі, пакаралі абмежаваннем волі на тры гады і на два пазбавілі права займацца медыцынскай дзейнасцю. З працы фельчара звольнілі амаль адразу пасля абвяшчэння прысуду. Жыткевіч сцвярджаў, што справу сфабрыкавалі, што такім чынам раённае кіраўніцтва адпомсціла яму за грамадзянскую пазіцыю: Жыткевіч патрабаваў ад мясцовай вертыкалі выконваць указ прэзідэнта аб забеспячэнні маладых спецыялістаў жыллём, пісаў лісты ў аблвыканкам, Адміністрацыю прэзідэнта, адным словам, не даваў чыноўнікам спакойна жыць. Дый яшчэ падчас парламенцкай выбарчай кампаніі 2008 года без узгаднення з мясцовай вертыкаллю стаў незалежным назіральнікам, потым напісаў заяву аб уступленні ў Партыю БНФ.

Меў рацыю Аляксандр ці не — не гэта тады было галоўнае. Мы, журналісты, звярнулі ўвагу на іншы факт: Аляксандр Жыткевіч не мог уладкавацца на працу, нават... пастухом. Не дапамагалі і рэкамендацыі мясцовага Цэнтра занятасці. Нам удалося тады датэлефанавацца да дырэктара СПК "Сцяпанавічы” Гарадоцкага раёна і запытацца, чаму ён не ўзяў на працу Жыткевіча, калі ў гаспадарцы ёсць свабодныя вакансіі жывёлаводаў. Ведаеце, што адказаў начальнік: маўляў, у Жыткевіча іншая спецыяльнасць; медыцына і сельская гаспадарка — гэта розныя рэчы. Ну не зможа фельчар пасвіць кароў, і ўсё тут! А тое, што чалавеку няма за што жыць, гэта, відаць, толькі ягоныя асабістыя праблемы...

Відавочна, што ад такіх бязглуздых адказаў стаміўся і сам Аляксандр. І тады ў ліпені ён вырашыў распачаць галадоўку. Безумоўна, гэта быў крок адчаю. Але што заставалася рабіць? У кішэні 100 рублёў, не выплачаны крэдыт за тэлевізар, пусты халадзільнік. Чакаць дапамогі ад родных не выпадала: бацькоў у Аляксандра няма, ён дзетдомавец, адзіная сястра адна выхоўвае непаўналетняе дзіця.

Здавалася, што галадоўка не была дарэмнай. Жыткевіча ўзялі на выпрабавальны тэрмін у Гарадоцкі лясгас. Але... у пастаяннай працы яму ўсё роўна адмовілі. Усяго за сем месяцаў Аляксандру адмовілі ў 12 арганізацыях. Выжываў, дзякуючы падтрымцы сястры і салідарнасці мясцовых актывістаў, якія нават стварылі камітэт падтрымкі.

— Але я разумеў, што так доўжыцца не можа, — кажа Аляксандр. — Сястра выплачвае мой крэдыт, чужыя людзі даюць грошы на ежу. Але ж я здаровы чалавек, хачу і магу працаваць.

18 снежня Аляксандр звярнуўся ў раённую газету "Гарадоцкі веснік” і абласную "Віцебскі рабочы” з просьбай надрукаваць за кошт рэдакцыі яго кароткую аб’яву: "Прадам нырку”.

— Заяву не надрукавалі, у рэдакцыі "Віцебскага рабочага” спаслаліся на тое, што мая заява супярэчыць нарматыўным дакументам, якія рэгулююць прававую дзейнасць СМІ, — расказвае Аляксандр. — Але да сябе на размову мяне запрасіў старшыня райвыканкама Анатоль Мароз. Сабралі камісію, імкнуліся мяне зрабіць вінаватым, хаця аргументаў ніякіх не прыводзілі. Скончылася размова тым, што прапанавалі месца бетоншчыка-плотніка ў Гарадоцкім ПМК-51. З канца снежня там працую, заробак пакуль не атрымаў, картку пластыкавую раблю.

— Не трэба асуджаць настаўнікаў, якія выйшлі з АГП, — філасофскі заўважае сёння Аляксандр. — Быць моцным, калі на цябе ціснуць і калі ты ўяўляеш, што заўтра рэальна можаш застацца без сродкаў да існавання, вельмі складана. Асабліва, калі калегі, сябры не выказваюць адкрытай салідарнасці. Адна справа, калі табе тэлефануюць і кажуць: малайчына, трымайся, я за цябе. І іншая, калі тое ж кажуць публічна... У Мінску, абласных цэнтрах, можа, крыху лягчэй, там больш аднадумцаў, там можна стаць нібы невідочным, лягчэй уладкавацца на працу. А ў раёне, і тым больш на вёсцы, усё вельмі складана. Людзі ўсяго баяцца, думаюць толькі за сябе. Скажу шчыра, мяне падтрымлівалі только два чалавекі: мая сястра і гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы.... А ўлады гэтым карыстаюцца. Цябе, падкрэсліваю, выкінуць адусюль і зробяць так, што і ў судзе ты нічога не даб’ешся.

Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ I 28 студзеня 2010 г., газэта "Народная воля"

Просмотров: 552 | Добавил: Brama | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Nasa Niva newspaper web version GISMETEO: Погода по г.Несвиж
Корзина
Валюта



Поиск
Календарь
«  Январь 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024 Бесплатный конструктор сайтов - uCoz