Вольны Нясьвіж
Пятница, 29.03.2024, 10:12
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Главная » 2011 » Декабрь » 13 » Прагнозы Пазьняка спраўджваюцца жыцьцём
00:06
Прагнозы Пазьняка спраўджваюцца жыцьцём
"ВОСЬ ЗА ГЭТА І ПАКАРАНЬНЕ”

У апошні час антыбеларускі рэжым перастаў маскавацца пад законнасьць і пачаў адкрыта дэманстраваць рэпрэсіўную вайну супраць беларускага народа і яго лепшых прадстаўнікоў.

Вайна пачалася адразу з 1994 года (пачатак ўлады Лукашэнкі), але да 19 сьнежня мінулага году этнацыд маскавалі пад змаганьне з "апазыцыяй” і ўсімі, "хто супраць прэзыдэнта”. Пасьля 19-га сталі хапаць і біць усіх, хто трапляўся пад руку і пад падазрэньне КГБ. Выконваецца задача, падобная да вайсковай апэрацыі: прэвентыўная зачыстка сацыяльнага поля грамадзтва і ўсяленьне страху ў сьвядомасьць нацыі.

Пад гэтую тыпова акупацыйную задачу падганяюцца і рэжымныя "законы”, ацэнкі і дзеяньні.

Рэжымнае заканадаўства, якое характарызуецца праўнай неадэкватнасьцю, набывае рысы гратэскнай фантастыкі. Узьнік нават праект караць людзей (арыштоўваць) за бязьдзейнасьць і прысутнасьць на вуліцы. Заканадаўча замацавалі поўную свабоду дзейнасьці спэцслужбаў супраць цывільнага насельніцтва і поўную беспакаранасьць КГБ. КГБ можа ўламывацца ў жыльлё беларуса без санкцыі пракурора, зыходзячы са сваёй "мэтазгоднасьці”, і калі ў выніку ўламаньня будзе забіты нехта з уладальнікаў жыльля ці там прысутных асобаў, гэбісты ня будуць несьці ніякой адказнасьці. Такое "заканадаўства” – прыкмета ваеннага часу ў акупацыйным рэжыме. У мірны час дзейнічаюць іншыя прынцыпы права і іншыя функцыі КГБ.

Рэжым узмоцнена (я б сказаў, татальна) уцягвае міліцыю ў палітычныя рэпрэсіі супраць народа. Прагучэла нават патрабаваньне кіраўніка ўлады, каб міліцыя пры гэтым забылася на прыстойнасьць, ня думала, як будуць ацэненыя іхныя паводзіны, а дзейнічала жорстка.

І гэта пры тым, што ў самой Беларусі палітычная сытуацыя спакойная (каб не сказаць "балотная”), грамадзянская супольнасьць разбурана, пануе маўчаньне і стабільны страх. Вайна з народам (пэрманэнтная вайна) адбываецца з аднаго боку – з боку рэжыму.

Самы подлы прыём, на які ня раз адважвалася антынародная ўлада, — гэта імітацыя тэракту, калецтва і забойства людзей ("прынцып Лёзна”).

У 2008 годзе інсьпіраваны "тэракт” даў падставы ўзурпатару распачаць татальную дактыласкапію беларусаў. Такая мера ёсьць складовай часткай палітыкі этнацыду, якую адкрыта робіць рэжым (насаджэньне страху, кантроль над асобай).

Некалькі гадоў таму, калі рэжымным КГБ кіраваў расейскі вайсковец генэрал Жадобін, ён з салдафонскай просталінейнасьцю паведаміў аб зьмесьце сваёй працы, у выніку якой быў складзены сьпіс 1767 актыўных беларусаў, якіх у выпадку грамадзкага абвастрэньня (па словах генэрала) "нэўтралізуюць” у першую чаргу.

Паколькі вайна "пэрманэнтная”, складаньне "сьпісаў” на рэпрэсіі не спыняецца ўжо 17 гадоў. Нядаўна на Дзяды ў Менску адбылося традыцыйнае Крыжовае шэсьце ў Курапаты. Шэсьце было афіцыйна дазволена двума выканкамамі – гарадзкім і абласным, — быў узгоднены час і маршрут. І тым ня менш журналісты налічылі два дзясяткі пераапранутых "ціхуноў”, якія пастаянна здымалі ўсіх людзей на фота і відэа-камэры. Такія дзеяньні неадэкватныя па мерках мірнага часу і не вынікаюць з праўнай сытуацыі. Навошта ўлада гэта робіць? Дзеля чаго? А дзеля таго ж. Дзеля сьпісу нацыянальна актыўных беларусаў, дзеля рэестру "сьвядомых”, "урагоў”, якіх "нада унічтажаць” (а пакуль што запалохаць).

Ход пастаяннай вайны зь беларусамі і нязьменныя ўстаноўкі рэжымнага этнацыду ўвесь час асімілявалі зьнешнія падзеі, канфлікты і раздражняльнікі ў сваё антыбеларускае рэчышча. Якія б ні былі "газавыя”, "нафтавыя”, "малочныя”, "цукровыя” і іншыя канфлікты з Крамлём, якая б ні была рыторыка, якія б ні разыгрываліся спэктаклі і інсцэніроўкі з Расеяй, — унутраная антыбеларуская палітыка рэжыму ніколі не зьмянялася. Наадварот, любыя зьнешнія падзеі рэжым стараўся скарыстаць для яшчэ большага прыдушэньня беларусаў, беларускай асобы, свабоды і культуры.

На цяперашнія паводзіны ўзурпатара ўплываюць два зьнешнія чыньнікі: пазыцыя Расеі (якая пачала яго ў кут) і разгром рэжыму Кадафі ў Лібіі. Паранойная рэакцыя на гэтыя раздражняльнікі спарадзіла тыпова паранойную логіку і адпаведныя дзеяньні па абароне ад небясьпекі (тэрытарыяльная абарона, новае 120-тысячнае войска, ваенізацыя ўладнай вертыкалі, падрыхтоўка да партызанскай вайны, пазыцыянаваньне сябе ў ролі ваеннага стратэга, галоўнакамандуючага, спасылкі на падкопы "сусьветнай закулісы” і г. д.).

Трэба мець на ўвазе, што рэжым узурпатара ўлады ў Беларусі не праводзіць нацыянальнай дзяржаўнай палітыкі. Гэта тып адзіналічна-карпаратыўнай улады, якая прыватызуе дзяржаву ў сваіх інтарэсах. Уся палітыка такой улады прадыктаваная гэтымі яе прыватнымі інтарэсамі.

Па аналагічнай схеме была пабудавана ўлада Кадафі з той істотнай розьніцай, што Лібія – рэсурсная (нафтавая) краіна, і дыктатар не зьнішчаў шматаблічную культуру сваёй нацыі. Канцэпцыя ягонай улады грунтавалася на клясычным фашысцкім падыходзе. Правадыр і ягоная група ўлады забясьпечваюць грамадзтву матэрыяльны дабрабыт і гарантаванае сацыяльнае існаваньне (і Кадафі забясьпечыў тое), але адлучаюць народ ад удзелу ў кіраваньні дзяржавай, ад палітыкі і свабоды (маўляў, за народ паклапоціцца фюрэр). Аднак людзі, калі яны не апускаюцца да "скоцкага” стану (ад купалаўскага "ня быць скотам”), рана ці позна пачынаюць змагацца за свабоду.

Мэтадалёгія разуменьня ўлады Лукашэнкам у гэтым сэнсе такая, як у Кадафі, — тыпова фашысцкая (і раўненьне на Гітлера тут не выпадковае), але ідэалёгія ягонай палітыкі забясьпечваецца рэсурсным цэнтрам іншай дзяржавы і залежная ад яе. Таму ягоны гэбісцкі фашызм (гэбізм) і ўся ўладная сістэма ёсьць прамаскоўская, антынацыянальная, антыбеларуская. Ды-й не дыктатар ён, а тыповы сатрап маскоўскі, ня гледзячы на ўсю ягоную квазі-самастойную рыторыку і жаданьне стаць крамлёўскім царом.

Тут прыдзецца сказаць пра рэчы добра вядомыя сярод палітыкаў за мяжой і ў Беларусі, але пра якія мала пішацца (з пэўных прычын). Заходнія экспэрты ацэньваюць украдзены ў народа набытак Лукашэнкі прыблізна ў 10-12 мільярдаў даляраў (асабісты капітал Кадафі – у 200 мільярдаў).

Скрадзеныя грошы Лукашэнка трымаў у сэрбскім банку зь ведама Мілошавіча ("друг Слабадан”). Перад крахам Мілошавіча ў 2000 годзе гэтыя грошы былі вывезеныя. (Апэрацыяй пагрузкі грошай на транспартны самалёт кіраваў старэйшы сын узурпатара. Для перавозкі даляраў з банку на борт самалёта Мілошавіч выдзеліў яму вайсковыя браневікі. Самалёт падняўся ў паветра і ўзяў курс на Лібію.)

З таго часу ў Лукашэнкі зьявіўся "друг Муамар” і пачынаюцца незразумелыя ўзаемныя візіты. У верасьні гэтага года (калі "друг Муамар” быў яшчэ жывы), у Менскім аэрапорце прызямліўся транспартны самалёт, які прыляцеў зь Лібіі невядома з чым. Гэтая падзея была адлюстравана нават у беларускіх СМІ. Але беларускія журналісты ў такіх выпадках малацікаўныя, і тэма зьнікла з інфармацыі.

"Няведама што” – гэта якраз "тое самае”, плюс, як паведамляюць, частка грошай самога Кадафі.

Дзе цяпер гэты "скарб” можна толькі здагадвацца. Але грошы зь Лібіі вывезеныя, рэйс быў і самалёт у Менскім аэрапорце прызямліўся. Хаця тэарэтычна сваю "форсу” ўзурпатар мог бы завесьці таксама ў якую-небудзь іншую рэжымную краіну (ужо зь Менску).

Тым часам цяперашнія паводзіны Лукашэнкі ўскосна сьведчаць пра важкі зьмест верасьнёўскага авіярэйсу. Узурпатар рыхтуецца ваяваць за ўладу і майно. Яму ўсюды здаюцца ворагі: і з Захаду, і з Усходу, і знутры. Уцякаць ужо няма куды. Улада і майно, як стопудовая гіра на нагах, прывязалі яго да зямлі, якую ён ніколі не шанаваў, да нелюбімага народу, які ён гатовы загнаць у зямлянкі. І калі паўстане выбар паміж уладай і народам, паміж народам і майном — будзьце пэўныя – пасыплюцца і кулі, і бомбы на галовы "сьведамых” і "нясьведамых”, "чэсных” і "нячэсных”, "вашывых блох” і "адмарозкаў”. Гэты чалавек ужо даказаў, што ён здольны на забойства. Урэшце рэшт нянавісьць чалавека, надзеленага абсалютнай уладай, мае заўсёды прадказальны вынік і прадказальны зыход.

І цяпер трэба ўсё ж пагаварыць пра тое, пра што мне ніколі гаварыць не хацелася з прычыны грамадзкай бяссэнсавасьці такой гаворкі – пра нашу нацыянальную ганьбу і сорам.

Як так сталася, што разумны працавіты народ разьвітай краіны з індустрыяльным грамадзтвам, адукаваным насельніцтвам і інтэлігенцыяй, з высокай гістарычнай культурай паставіў над сабой і надзяліў уладай вар’ята, хама, паранойную асобу, чалавека неадэкватнага, злога, амаральнага, бескультурнага, неадукаванага, які адкрыта выказваў нянавісьць да мовы, культуры, свабоды і незалежнасьці народа, таго народа, які яго выбіраў. І гэта ў краіне, якая толькі што здабыла незалежнасьць. Парадокс, сюррэалізм, абсурд – але факт.

Абсурд немцаў, якія ў 30-х гадах мінулага стагоддзя паставілі над сабой нэўрастэніка, малаадукаванага яфрэйтара і фашыстаў, вынікаў з эканамічнага крызісу, зь вялікай дэпрэсіі і з зьняважанага нацыянальнага пачуцьця, прыніжанага Вэрсальскім замірэньнем. Матывацыя грамадзтва была прымітыўнай, але адэкватнай: вырвацца з абцугоў крызісу і рэпарацый, вярнуць страчанае.

У Беларусі адбылося з дакладнасьцю наадварот. Алагізм паводзінаў грамадзтва, якое паставіла над сабой Лукашэнку, вынікаў з сацыяльна-эканамічнага крызісу, зьніжэньня ўзроўню жыцьця і з адсутнасьці нармальнага нацыянальнага пачуцьця. Матывацыя была прымітыўнай і неадэкватнай: вярнуцца ў сацыялізм, у разьмеркаваньне, у клетку, зь якой толькі што выскачылі.

Такім чынам нацыянал-сацыялізм Гітлера (скарочана "нацызм”) і люмпен-сацыялізм Лукашэнкі прыводзяць да аднолькавых палітычных вынікаў – да фашызацыі ўлады, з той, аднак, розьніцай, што нацызм, накіраваны на экстэнсіўнае (агрэсіўнае) разьвіцьцё і пашырэньне дыктатуры, а люмпен-сацыялізм (лукашызм) ськіраваны на самога сябе, на cуіцыднае вынішчэньне грамадзтва. Карэляцыя з паранойнай асобай тут адпаведная.

Тое, пра што я тут пішу, Народны Фронт казаў і 17, і 18 гадоў таму. Мне прыходзілася казаць пра антынацыянальны рэжым, пра нашу народную небясьпеку ўвесь час, заклікаць падумаць, паглядзець, азірнуцца. І тут былі найбольшыя ўдары і найбольшы тупік. Адукаваныя людзі глядзелі на відавочнае і ва ўпор, наўпрост нічога ня бачылі. Слухалі яго коснаязычныя, непісьменныя разважаньні, яго дрымучае хамства, крыклівасьць, зьвяртаньне да ўсіх на "ты”, зьнявагі нацыянальнай годнасьці і культуры, слухалі і – ня чулі. Гэта шакавала.

Дэнацыяналізацыя, нацыянальная няразьвітасьць сьвядомасьці і нацыянальная сьлепата такая ж (і нават больш) небясьпечная грамадзкая паталогія, як і агалцелы, ірацыянальны вялікадзяржаўны (гітлерскі) шавінізм. Гэта ёсьць жыцьцё бяз волі і нежаданьне свабоды.

У Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня да дэпутата Лукашэнкі адносіліся аднолькава грэбліва і без павагі як Апазыцыя БНФ, так і камуністы. Нястрыманая балбатлівасьць ад мікрафону, дэвіантныя паводзіны, сістэматычная лагічная амбівалентнасьць у выступах (на раніцы казаў адно, вечарам – адваротнае), падазронасьць, скандальная крыклівасьць у дыскусіях і ўвогуле – нейкая характэрная для яго "лапцюжнасьць” у захаваньні – усё гэта бачылі ўсе і сур’ёзна яго не ўспрымалі. Дэпутаты часта былі сьведкамі ягоных дзіўных выхадак, якія адэкватна нельга было растлумачыць.

Усё тое мы ведалі і бачылі яшчэ тады, у Вярхоўным Савеце, ведалі пра інфантылізм псіхікі, пра бязроднае паходжаньне, пра скандальнасьць у сям’і і разрыў з жонкай, ведалі пра зьбіцьцё трактарыста і як яго ратаваў ад турмы сакратар магілёўскага абкама КПБ(КПСС) Васіль Лявонаў, ведалі пра яго вечную падазронасьць, вечныя пошукі ворагаў, службу ў турме, у КГБ, ведалі пра яго бахвальства, хлусаманію, некамунікабельнасьць, саветызм, беларусафобію і помсьлівасьць.

Нікому не магло нават прысьніцца ў страшным сьне, што такая асоба стане прэзыдэнтам незалежнай Беларусі. Увесь яго дэвіантны спосаб захаваньня, паводзіны і логіка думаньня цалкам укладваліся ў псіхічны эпікрыз паранойі. Мала хто ў гэтым сумняваўся, але сур’ёзна не адносіліся. З паранойяй жыве мноства людзей, працуюць, псуюць кроў супрацоўнікам і суседзям, жонцы, мужу, дзецям, сварацца, б’юцца, судзяцца, пішуць кляўзы і творы мастацтва. Але адна справа — дырэктар саўгаса, іншая – прэзыдэнт краіны. Апазыцыя БНФ (выступаў Сяргей Навумчык) нават паставіла пытаньне аб прыняцьці пастановы Вярхоўнага Савета пра абавязковае медыцынскае абсьледваньне Лукашэнкі, але дэпутаты-камуністы завалілі гэтае пытаньне.

Неверагоднае адбылося, бо ў тым дэнацыяналізаваным грамадзтве, якое засталося ў спадчыне ад камунізму, такое магло стацца: Лукашэнку зрабілі прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь.

І цяпер — якія вынікі (а вынікі ўжо ёсьць) гэтага грамадзкага асьляпленьня? (Я кажу "грамадзкага”, бо вынікі немагчымыя былі пры адным Лукашэнку. Дзеля гэтага патрэбная была маніпуляцыя грамадзтвам і мільёны лукашэнак.)

Маладая дзяржава ідэёва стабілізуецца і становіцца на нацыянальныя ногі, калі ў сфэры ідэалаў свабоды і незалежнай нацыянальнай палітыкі вырастае новае пакаленьне (патрэбна мінімум дваццаць гадоў). Гэта ёсьць працэс росту. Ён прывязаны да часу гэтак жа, як і разьвіцьцё чалавека. Ён абавязковы. Адтэрміноўка яго і разьвіцьцё ў неадэкватных ўмовах прыводзіць да збочаных дэфармацыяў, спараджае скалечанае грамадзтва, далейшае існаваньне якога ператвараецца ў пакутлівую тэрапію змаганьня за духоўнае і культурнае выжываньне нацыі.

Першае пакаленьне незалежнай Беларусі вырасла ў змроку антыбеларускай палітыкі.

Тое, што дзяцінства і юнацтва нашай незалежнай дзяржавы адбывалася ў несвабодзе, у цемры і нянавісьці антынацыянальнага астракізму, дало такія шкодныя вынікі, якія прыроўніваюцца амаль што да катастрофы, калі б яшчэ не захавалася, не зьбераглося сьветлае, добрае, чыстае, што ёсьць ў лепшых нашых людзях.

Палітыка антыбеларускай хунты пабудавана на антыбеларускасьці, нянавісьці, хлусьні, хамстве, страху і рэпрэсіях.

Груба парушаная Канстытуцыя і суверэнітэт Беларусі – ліквідаваная дзяржаўная мяжа на ўсходзе (а гэта выбраная пагроза незалежнасьці); заключаныя незаконныя антыканстытуцыйныя пагадненьні аб незаконнай "саюзнай дзяржаве” з Расеяй, што кваліфікуецца як здрада Радзіме, і дало магчымасьць чужой дзяржаве бесперашкодна сьцягваць і забіраць беларускую рабочую сілу, рабаваць таварны рынак, беларускую маёмасьць і тэрыторыі, кантраляваць сістэму ўлады і працэсы ў краіне. Гэта злачынства, якое патрабуе вышэйшага абавязковага пакараньня.

Грунтоўна падарвана нацыянальная культура, дыскрымінавана беларуская мова, вынішчана беларуская школа і адукацыя, кнігавыдавецтва і пэрыядычны друк, ліквідавана нацыянальнае радыё і тэлебачаньне, падарвана мараль і дэмаграфія, навука і мастацтва, заведзена ў тупік эканоміка, дэзарганізавана фінансавая сістэма. Усе гэтыя разбурэньні нацыянальнага жыцьця значна глыбейшыя і больш зьнішчальныя, чым былі яны зроблены за 73 гады савецкай акупацыі.

За гэты цёмны час дно зрабілася верхам. Людзі неадукаваныя, цёмныя, прымітыўныя, злыя, малакультурныя, – сталі начальнікамі, падняліся ў гару ва ўладу, сталі кіраваць нацыяй, гарадамі, раёнамі, адукацыяй ды культурай. Палітыка, узгадаваная на паранойнай нянавісьці, раскалола беларускае грамадзтва і ўнесла гэтую ірацыянальную нянавісьць у рэальнае жыцьцё людзей. Зроблена вялікае злачынства. Народ не павінен ненавідзець — сябе.

Другім жахлівым вынікам паранойнага рэжыму ёсьць ліквідацыя грамадзкіх ідэалаў (і ўвогуле – ідэалаў). За 17 гадоў ненармальнасьці страчана цэлае пакаленьне беларусаў. Зьявілася шмат людзей з заніжанай жыцьцёвай арыентацыяй, без духоўных запатрабаваньняў і з "псіхалогіяй травы”.

У адным з артыкулаў журналістка Сьвятлана Калінкіна прыводзіць вымоўную статыстыку конкурсных запатрабаваньняў пры паступленьні ў вайсковыя вучэльні. Самыя вялікія конкурсы жадаючых – не на лётчыкаў, а ва ўнутранае войска, у ахову і на вайсковыя спэцыяльнасьці тылу. Юнакі страчанага пакаленьня імкнуцца стаць турэмшчыкамі і тылавымі пацукамі, інтэндантамі, каб зарабляць і не рызыкаваць. Турэмшчык – прэстыжная прафэсія!

Жыцьцё ў несвабодных умовах, у штодзённым, інсьпіраваным зьверху хамстве, у дэфармаванай небеларускай школе і ўнівэрсытэце рэзка абнізіла культуру, веды і адукацыю несвабоднага пакаленьня беларусаў. Сорамна казаць, але на Захадзе іх адразу пазнаеш па бескультур’ю, няўменьні сябе паводзіць зь людзьмі і няведаньні роднай мовы.

Вынік рэжыму – катастрафічнае разбурэньне і дэградацыя беларускай вёскі, пашырэньне п’янства, падрыў этнічнай асновы народа.

Але самы цяжкі вынік этнацыду і паранойнай сістэмы ўлады ёсьць усё ж пакаленьне без ідэалаў, бяз мовы, бяз гонару, бяз сьведамасьці і нацыянальных абавязкаў.

Зрэшты, усё гэта, хоць і вялікая, але пасыўная частка пакаленьня (і ў цэлым – зьявы). Ёсьць шмат моладзі, якая актыўна не ўспрымае ўзурпатара і ягоную палітыку, якая шукае ідэалы існаваньня і знаходзіць іх у вольнай Беларусі, за якую трэба змагацца. Гэтая моладзь, як пасталее, як бы ня нішчыў яе рэжым, вызначыць будучыню краіны.

Я невыпадкова зьвяртаю ўвагу на псіхічную падкладку ўлады антыбеларускага рэжыму. Тут адказ на шмат якія пытаньні. Абсалютна беспэрспэктыўныя ўсялякія дзеяньні беларусаў, накіраваныя на перамовы, пагадненьні, патрабаваньні, зразуменьні ці супрацоўніцтва з Лукашэнкам. Тут не было і ня будзе ніякіх зрухаў ні на каліва, ні на ёту. Не палепшаць, ня зьменяць ніякое выбарчае заканадаўства, не адчыняць ніякую новую беларускую школу, не адчыняць ніякі новы беларускі часопіс, не зарэгіструюць ніякую партыю і арганізацыю і г. д. Увогуле, не было і ня будзе з шчырага калабаранцкага канфармізму з вар’ятам нічога. Ня трэба ганьбіцца і марнаваць час. Ці 17 гадоў было мала? Ужо граблі разагрэліся, не вытрымліваюць, а ілбам – хоць бы што!

Прычына ня ў цьвёрдасьці і не ў аргумэнтах узурпатара, а ў ягоным эпікрызе. Калі каму не хапае вопыту і ведаў, можна пагаварыць зь любым псіхіятрам, і ён растлумачыць, як фармуецца логіка і псіхіка паранойі. Ворагі тут існуюць і ўзьнікаюць пастаянна, і гэты працэс ніколі не спыняецца. Ён пэрманэнтны. Сябры рана ці позна абавязкова робяцца ворагамі (пытаньне часу). З ворагамі, паводле такой псіхікі, нельга суіснаваць, з ворагамі трэба змагацца і перамагаць (улада дае магчымасьць зьнішчаць). Ворагі маскіруюцца. Ворагаў трэба выяўляць і г. д.Тут цэлая лагічная сістэма паводзінаў цалкам рацыянальная, дзе неадэкватнай і памылковай ёсьць толькі зыходная ідэя. Параноіка яшчэ ніхто ніколі ні ў чым не пераканаў (нават псіхіятры), ў яго задушана пачуцьцё гумару. Будзеш шмат пераконваць – узбудзіш падазрэньні, пачнеш жартаваць – лепш не жартаваць. Тым часам ёсьць людзі, перад якімі параноік псіхічна капітулюе. Яго можна моцна напалохаць. Яго псіхікай можна маніпуляваць. І ў гэтым — вялікая небясьпека такіх людзей, асабліва ва ўладзе, асабліва ў краіне, дзе таемныя структуры кантралююцца з вонку.

Цяпер, калі ўзурпатар пачаў адкрытую прэвентыўную вайну з народам, ужо нават самыя цьвёрдагаловыя пачынаюць разумець, што хадзіць на выбары і падтрымліваць рэжым ня трэба, што тактыку абструкцыі і байкоту рэжыму трэба было пачынаць даўно.

Зараз вельмі істотна хутка накапіць нацыянальныя сілы і ня даць іх справакаваць, зьнішчыць па частках. Дзеля гэтага трэба шматкроць пашырыць сістэму паралельнай нацыянальнай асьветы актыўных пластоў грамадзтва (найперш распаўсюд літаратуры і інфармацыі). Бяз гэтага ня будзе перамогі. Трэба памятаць вопыт 90-х, калі авангард перамог, а грамадзтва аказалася не гатовым да разуменьня нацыянальнай палітыкі. Асьветніцкія сілы і магчымасьці ў беларусаў ёсьць, патрэбна толькі гатовасьць і рашучасьць працаваць дзеля Айчыны.

Віртуальны стан абложанай крэпасьці, у якім зараз існуе псіхіка Лукашэнкі, узмацненьне рэпрэсій і падрыхтоўка да вайны аўтаматычна змушае беларусаў гуртавацца і дзейнічаць паралельна, схавана і няяўна, строга рэгламэнтуючы легальныя дзеяньні. Ёсьць шмат добрых справаў, якія можна рабіць эфэктыўна і плённа, не выходзячы (да пары) на паверхню. Тым часам культурная праца павінна разьвівацца адкрыта. Гэта вялікая сіла, вялікія магчымасьці ў змаганьні з цемрай. Трэба іх скарыстаць.

Раздумляючы пра 17 страчаных гадоў, пра сорам і ганьбу, пра спакойны, працавіты, добры наш народ, пра грамадзкі абсурд і гістарычнае пакараньне, я задаў аднойчы нечакана наўпрост пытаньне прыяцелю, які патэлефанаваў мне адтуль, зь Беларусі, з нашага сьветлага летуценнага раю, ператворанага ў стойла страху і паняверкі:
– Скажы, чаму наш добры вялікі народ скарыўся перад цемрай і стаў жыць у страху, бяз гонару і павагі? Чаму так сталася?
Доўгая маўчанка. І потым чую:
– Гэта ёсьць пакараньне Божае за нелюбоў да сябе. Гасподзь даў нам жыцьцё, таленты, мову, зямлю, волю, культуру, а мы адрынулі дар Божы, кінулі сьвіньням пад ногі. Вось за гэта і пакараньне.


 Зянон ПАЗЬНЯК
Просмотров: 533 | Добавил: Brama | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Nasa Niva newspaper web version GISMETEO: Погода по г.Несвиж
Корзина
Валюта



Поиск
Календарь
«  Декабрь 2011  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024 Бесплатный конструктор сайтов - uCoz