Вольны Нясьвіж
Пятница, 29.03.2024, 05:22
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Главная » 2009 » Декабрь » 15 » Зянон Пазьняк, выступ на снежанскім Сойме
02:03
Зянон Пазьняк, выступ на снежанскім Сойме

                                                  

ЗЬМЕСТ ПРАПАГАНДЫ І СУТНАСЬЦЬ ПАДЗЕЙ

Зянон Пазьняк

(Выступ на сьнежаньскім Сойме
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
і Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне”. (Скарочана)


Перамены, якія адбываюцца ў расстаноўцы рэжымных сілаў пасьля ўтварэньня "Усходняга партнёрства”, паказваюць, што па структурнай арганізацыі, кадравым разьмеркаваньні і дзеяньнях гэтая палітыка робіцца ўсё больш безадноснай, адасобленай ад нацыянальных інтарэсаў Беларусі і ад рэальнага змаганьня з рэжымам увогуле.

Першае, што здарылася ў вікаўскай апазыцыі – гэта замена кадраў падстаўных, кіруемых і лаяльных на непасрэдных функцыянераў КГБ. Перастаноўкі адбыліся амаль ва ўсіх грамадзкіх і палітычных арганізацыях. Канчаткова захоплена "Бацькаўшчына” (цяпер засталося толькі аб’яднаць яе з "Радзімай”). Прытым такія масьцітыя беларускія інтэлігенты, такія важныя акадэмікі, мастакі, дзеячы культуры пры сваёй поўнай няздольнасьці да грамадзкай арганізацыйнай працы нават, выглядае, незразумелі, што насамрэч адбылося. Яны, бачыце, палітыкай не займаюцца. Таму пара дзяўчынак-канторшчыц іх усіх элегантна пастроіла, узначаліла і пакінула задаволенымі сваёй безадказнасьцю.

Калі ў грамадзкім сэктары гэбоўская рэарганізацыя суправаджалася інфантыльнай камэдыяй, то ў палітычнай опцыі ўсё выглядала тупым фарсам. Асабліва паказальным атрымаўся "прагматычны” канец "новай хвалі”, якую ўзначаліў кадравы маладзён – Янукевіч. Нядаўна група кіраўніцтва нашай Партыі (КХП-БНФ) выпадкова "застукала” гэтага хлапца ў час кантакту яго з функцыянерамі спэцслужбаў. Вось гэта быў пасаж! Словам, здрабнела гэб’ё, ужо ні вушы, ні рогі схаваць ня можа. Зрэшты, неабмежаваная ўлада, абсалютная ўседазволенасьць і беспакаранасьць уплывае на паводзіны гэтай "спэц-публікі.” Некаторыя зь іх ужо ня надта і хаваюцца. (Можа яны паверылі, што рэжым будзе вечны?).

Перабудаваная верхавіна былой вікаўскай апазыцыі ўзяла адрыты курс на калябарацыю з рэжымам пад лёзунгам, дакладней, зьместам – "рэжым у Эўропу!”, спасылаючыся на небясьпеку (дарэчы, цалкам апраўданую) з боку Расеі. Гэтая ж катэгорыя зьбіраецца рыхтаваць чацьвёрты тэрмін Лукашэнкі і заявіла аб сваім удзеле ў ягоных выбарах.

І ў Эўропе, і ў Беларусі добра відаць, як вакол нашай краіны разыгрываецца чужая гульня. З аднаго боку кагэбізаваная калябарацыя прапагандуе рэжымны шлях у Эўропу. З другога боку ўсё больш адчуваецца маскоўскі ўплыў і ўплыў іхных спэцслужбаў у гэтай палітыцы. Яны ўсё больш і больш падбіраюць пад сябе пратэстнае асяроддзе расколатай вікаўскай "апазыцыі”, падбіраюць тое, што па старому за правы чалавека і супраць, каб ісьці ў Эўропу з Лукашэнкам.

Сутнасьць маскоўскіх дзеяньняў цяпер такая: ня даць Лукашэнку "загразнуць”, зачапіцца ў Эўропе. Тут чыста геапалітычны падыход. І ажыцьцяўляецца ён даволі парадаксальна. Масква дзейнічае на Захадзе як антылукашэнкаўская апазыцыя, арганізоўвае артыкулы, інфармацыю, сэмінары, канфэрэнцыі, эмігрантаў, дысідэнтаў і г.д., каб паўплываць на палітыкаў Эўразьвязу і паказаць, што Лукашэнка нічога не выконвае па партнёрству (а гэта праўда), нагадаць пра зьніклых палітыкаў, пра рэпрэсіі і дзікія выхадкі рэжыму ў Беларусі. Усё гэта накіравана на тое, каб перашкодзіць антыбеларускаму рэжыму атрымліваць крэдыты на Захадзе, урэшце, каб заблякаваць яго ва Усходнім Партнёрстве рукамі Эўразьвязу. Масква ў гэтым зацікаўлена, каб самой аднаасобна трымаць на шворцы антыбеларускі рэжым і паступова забіраць маёмасьць нашай краіны.

Для падмацаваньня такой лубянскай "эўрапалітыкі” і прапаганды арганізуюцца пэўныя "падзеі” на Беларусі. (Дарэчы, хто гэтым займаецца ў Маскве і ў Менску – вядома. Прыйдзе час і лубянскія вахлакі здадуць самы сябе.) Робяць "падзеі” груба і неахайна (зрэшты, як умеюць), але адначасна выяўляецца, які шчыльны ўплыў мае дыпляматычная агентура Крамля ў Эўразьвязе. У пачатку сьнежня, напрыклад, Лубянка пачала артпадрыхтоўку, дала залп сістэмы "Град” (ізноў жа груба і прымітыўна). 5 і 6-га сьнежня схапілі па чарзе двух апазыцыйных маладзёнаў, запіхнулі ў машыны, вывезьлі далёка за горад і выкінулі ў лесе. Намэнклятурныя маладзёны ад "апазыцыі” вярнуліся ў Менск і пачалі даваць інтэрв’ю. Тут жа пачаўся немалы шум, які адразу даляцеў да Брусэля. Назаўтра, 7 сьнежня, агенцтва БелАПАН зьмясьціла "інфармацыю нумар уан”. Цытуем без перакладу: "Сегодня в Минске прошло расширенное совещание активистов демократических сил, на котором было принято решение начать информационную кампанию, посвящённую похищениям людей в Беларуси”. Кола ўдзельнікаў "расширенного совещания” проста вымоўнае, немагчыма стрымаць усьмешку. Лепш за ўсіх выказаўся Д. Бандарэнка з "Хартыі”. Ён прапанаваў "сообщить об этих фактах своим европейским партнёрам…Эти структуры должны знать на что идут их деньги, выделяемые Беларуси”, — сказаў Бандарэнка.
Калі тэкст пра "совещание” паглядзеў адзін мой знаёмы, які сістэмна займаецца гэтым пытаньнем, ён засьмяяўся: "Цікава, хто зь іх галоўны ініцыятар "нарады” і каму плаціла Масква?” – была ягоная заўвага. І, відаць, не памыліўся. Назаўтра, 8 сьнежня, загаварыў пра гэта старшыня Эўрапарляманту Ежы Бузэк. Ён папярэдзіў рэжым Лукашэнкі і сказаў між іншым, наступнае: "падобныя выпадкі… ставяць пад пытаньне цяперашні падыход краінаў-сяброў Эўразьвязу да Беларусі”.

Ну чым ня посьпех лубянскай дыпляматыі? Як кажуць, выйгралі амаль на мякіне, на пары-тройцы прапісаных у падстаўной апазыцыі маладзёнаў, якіх вывезьлі за горад і ўдарылі ў званы.

Да гэтага ж фарсавага лубянскага праекціка ўмела падключылі справу студэнткі Тані Шапуцькі. Тут, праўда, разыгралі дасканала, як па нотах. Мілую студэнтку запрасілі ў Брусэль на Форум грамадзянскай супольнасьці праграмы "Усходняга Партнёрства” (дзе зь ёй сфатаграфаваліся Карл Більдт і Бэніта Вальднэр), а па вяртаньні ў Менск яна была груба адлічаная з унівэрсітэта за пропуск заняткаў. Скандал. Самы ж лубянскія праектанты праінфармавалі пра гэта Брусэль. І вось ужо Карл Більдт, міністар замежных справаў Швэцыі, — краіны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, — падняў свой голас у абарону Шапуцькі. Наступны выступіў міністар МЗС Эстноніі Урмас Паэт, які заявіў, што "Эстонія будзе сачыць за лёсам Шапуцькі”. Словам, машына закруцілася, Лубянка адпачывае.

Наўрад ці дзяўчына разумее, што адбываецца і чаму. Яе, што называецца, "выбралі”, уключылі ў праект. Цяпер плянуюць суд, ультыматумы, чарговае бразгатаньне на ўсю Эўропу і мабілізацыю яе палітыкаў супраць хітрага партнёра ва ўсходняй Эўропе.

Таня Шапуцька ня першая ахвяра лубянска-маскоўскай гнюснасьці і змаганьня крымінальна-палітычных групаў. Звычайна ў такіх сітуацыях студэнтаў у вучобе не аднаўляюць. У лепшым выпадку прапануюць унівэрсітэты ў якой-небудзь краіне Эўразьвязу. Выхад, як кажуць, зручны для ўсіх, але толькі не для беларускай нацыі.

З усёй гэтай маскоўскай атакай зьвязана і апошняя падзея зламаньня крыжоў у Курапатах і хуткая апэратыўная інфармацыя пра гэта ад пабочных людзей і дзіўныя заявы дзеячаў ад грамадзтва, і іншае.

Галоўная выснова з усяго што маем — на Беларусі адбываецца інтэнсіфікацыя чужой палітыкі, завязваецца канфлікт чужых інтарэсаў, ідзе маніпуляцыя мясцовым насельніцтвам. Тэарэтычна яно заканамерна, калі няма свайго, калі сваё вынішчана ці задушана, клі людзі кажуць "какая разніца”, ды "зачэм этат язык”.

Найбольш трагічныя старонкі канфлікту чужых інтарэсаў Беларусь перажыла за часы 1-й і 2-й Сусьветных войнаў, дзе наша краіна не была ні суб’ектам канфлікту, ні суб’ектам дзеяньня, а толькі аб’ектам інтарэсаў іншых дзяржаў. Вынік вядомы: падзел краіны, страта сталіцы, страта тэрыторыяў, страта насельніцтва, страта маёмасьці, страта культуры.

Цяперашнія канфліктуючыя бакі вядомыя: вялікадзяржаўная Масква, Заходняя Эўропа і антыбеларускі рэжым. Усе абапіраюцца на калябарацыю і падстаўную апазыцыю, усе асьцерагаюцца беларускага дэмакратычнага нацыянальна-вызвольнага руху. З гэтага відаць, што наш Беларускі рух, наша Народная партыя (КХП – БНФ) ня можа ўдзельнічаць у канфлікце чужых інтарэсаў на Беларусі. Мы можам толькі часткова яго скарыстаць, бо ў нас свой беларускі народны інтэрас і свая пазыцыя барацьбы з навалаччу і чужароднымі сіламі.

Наша пазыцыя – гэта пазыцыя палітычнага і грамадзкага змаганьня з антыбеларускім рэжымам, зь ягонай уладай і структурамі. Наша задача падрыхтаваць грамадзтва і ліквідаваць антыбеларускі рэжым, і потым — аднавіць праўныя дачыненьні ў грамадзтве, гарантаваць шлях дэмакратычнага, вольнага нацыянальна-культурнага разьвіцьця краіны. Наша задача гарантаваць незалежнасьць Беларусі і эканамічную магутнасьць краіны ад пасягненьняў з Усходу і Захаду.

Мэтад, якім мы карыстаемся, гэта мэтад права і барацьбы з апорай на актыўныя сілы грамадзтва і на ўвесь Беларускі народ.


Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
13 сьнежня 2009 г.


Просмотров: 609 | Добавил: Brama | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Nasa Niva newspaper web version GISMETEO: Погода по г.Несвиж
Корзина
Валюта



Поиск
Календарь
«  Декабрь 2009  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024 Бесплатный конструктор сайтов - uCoz