Па савецкай традыцыі 9-га траўня адбыўся чарговы
прагон паднявольнага насельніцтва па цэнтральных вуліцах Нясьвіжа да брацкай
магілы жаўнераў, загінуўшых у той бязьлітаснай бойні, арганізаванай Гітлерам
разам з таварышам Сталіным.
Мерапрыемства ў Нясьвіжы не
зьдзіўляе навізной. Як заўсёды ў абавязкова-прымусовым парадку зганяюцца
"трудзяшчыеся колекцівов”, іх выстрайваюць ў калону і пад гукі аркестра праводзяць
па цэнтральных вуліцах горада да брацкай магілы паблізу палаца Радзівілаў.
Моўчкі праходзяць шэрагі людзей з заклапочанымі тварамі, бо ў галаве адно –
хутчэй прайсьці ды ляцець дадому. Там шмат рознах спраў чакае людзей. Гэта
зусім не значыць, што яны дрэнна ставяцца да ўдзельнікаў той вайны, да той
вялікай перамогі, якая, нажаль, так і не сталася для беларусаў сапраўды
вызвольнай. Хоць і вызваліліся з-пад нямецка-фашыстоўскай акупацыі, але
засталіся ў сталінска-савецкай імпэрыі, дзе беларусам не адводзілася права на
нацыянальнае выжываньне.
У калёне, бліжэй да пераду
рухаюцца ініцыятары мерапрыемства – раённае кіраўніцтва. Ветэраны вайны ў
большасьці ўжо ня ў стане прайсьці гэты шлях, а бяз іх робіцца выразна, што
сьвята даўно ўжо прыватызавана дзейснай уладай, а ветэранам адводзіцца роля
дэкарацый. Да гэтай даты ім выдалі крыху харчаваньня, гарэлкі, здараецца, што
выдаюць і канвэрцік зь невялікай сумай, а дзе ўзяць болей?
Кідаецца ў вочы дэлегацыя былой беларускай кампаніі газавых магістралей,
якая цяпер, пасьля незаконнай прадажы яе Лукашэнкам расейскім "таварышчам”,
рухаецца з імпэрскімі паласатымі, так званымі "георгіеўскімі” лентачкамі. Сумна
неяк робіцца ад такой сьвяточнасьці, але куды падзецца ад гэтай рэчаіснасьці?
|