Нацбанк: Банкаўская сістэма пад пагрозай
Нацыянальны банк заяўляе пра «значную пагрозу» бяспецы банкаўскай сістэмы краіны і чакае ад ураду неадкладных захадаў у справе стабілізацыі дзяржбанкаў. Пра гэта крыніца ў органах дзяржаўнага кіравання паведаміла «Інтэрфаксу» — агенцтву, блізкаму да Адміністрацыі прэзідэнта.
З адпаведным лістом да прэм’ер‑міністра Сяргея Сідорскага звярнуўся старшыня праўлення НББ Пётр Пракаповіч, паведамляе крыніца Інтэрфаксу ў органах дзяржкіравання.
У Нацбанку падкрэсліваюць, што небяспечная сітуацыя ў банкаўскім сектары з'яўляецца наступствам крызісу ліквіднасці ў дзяржаўных банках, які пастаянна нарастае. Сітуацыя ўскладняецца ростам праблемных крэдытаў, якія за студзень‑жнівень выраслі ў 3,3 раза.
Крытычнае пагаршэнне ліквіднасці дзяржбанкаў тлумачыцца высокай крэдытнай нагрузкай у межах фінансавання дзяржаўных праграмаў. Так, за студзень‑ліпень 2009 дзяржбанкі павялічылі аб’ём крэдытавання дзяржпраграм у 1,4 раза проці дакрызісных аналагічным перыядам 2008 года — да 6,76 трлн рублёў.
Як паведамляецца, пры канцы верасня — на пачатку кастрычніка аб’ём затрыманых найбуйнейшым беларускім банкам — «Беларусбанкам» — падаткаў перавысіў 1 трлн рублёў у дзень.
Нацбанк чарговы раз прапануе ўраду знізіць патрабаванні да дзяржаўных банкаў па фінансаванні дзяржпраграмаў і перадаць гэтыя функцыі дзяржаўнаму агенцтву развіцця, стварэнне якога таксама з'яўляецца адным з забавязанняў Беларусі перад МВФ.
Перадача агенцтву крэдытнага партфеля, створанага ў рамках фінансавання дзяржпраграмаў, дазволіць беларускім банкам «ачысціць» свае балансы, што павінна часткова выправіць сітуацыю з іх ліквіднасцю.
Альтэрнатывай дадзенай рэформе фінансавання дзяржпраграм з'яўляецца чарговая рэкапіталізацыя дзяржбанкаў за кошт бюджэту.
Такі выцек з Нацбанку здольны справакаваць цунамі на фінансавым рынку. Фактычна, гаворка ідзе пра тое, што найбуйнейшыя банкі краіны, у тым ліку ашчадны «Беларусбанк», стаяць на мяжы неплацежаздольнасці. Дарэчы, амаль адначасова прайшла інфармацыя, што спыніўся рост аб'ёму рублёвых дэпазітаў у банкаўскай сістэме.
Ёсць толькі адно але. У крытычных абставінах канца 2008 і пачатку 2007 годоў дзяржсістэма захоўвала поўную немату. Тым часам цяпер небяспечнае высвятленне адносінаў паміж лабістамі розных эканамічных курсаў чамусьці адбываецца ўадкрытую. Банкіры не хочуць больш крэдытаваць прамысловасць. А прамысловасць знізіць занятасць і прыпыніць выплаты заробкаў без новых крэдытаў. Паўстае пытанне, хто вінаваты? Пальцы аўтаматам спыняюцца на прэм'еру Сяргею Сідорскім.
Агенцтва «Інтэрфакс» мае цесныя сувязі з Адміністрацыяй прэзідэнта і сілавымі структурамі. Выпадковых выцекаў інфармацыі яно не публікуе.
Выглядае на тое, што новая мітрэнга звязаная з гульнёй, якую лукашэнкаўцы вядуць з Захадам. Крызіс у банкаўскай сферы пагражае калапсам беларускай эканоміцы. Гэта дастатковая падстава, каб прасіць дадатковай дапамогі. З іншага боку, такім сама «пазітыўным сігналам» можа быць змена Сідорскага на асобу з іміджам рэфарматара.
Рашэння загадкі чакаць нядоўга. У кожным разе, заўтра ў банках непазбежна выстраяцца чэргі. Людзі будуць здымаць дэпазіты і мяняць рублі на валюту.
Мікола Бугай; інф. «Інтэрфакс», радыё «Свабода» 15:51, 12 кастрычнiка 2009
|