Нясьвіж наведала дэлегацыя з галандыі + фоткі
У спартовым комплексе ў Рудаўцы адбыўся сяброўскі
матч юнакоў з Галандыі і Нясьвіжа па баскетболу. Спаборніцтвы выклікалі цікаўнасьць нясьвіскіх
аматараў гэтага віду спорта.
І хоць вынікам сталася пераканаўчая перамога
нясьвіжан, тым ня меньш абстаноўка была па-сапраўднаму сяброўская. Гульцы прадэманстравалі
някепскую гульню, ў якой нашыя хлопцы выявілі больш значную фізічную
падрыхтоўку, што і дазволіла атрымаць перавагу над супернікам. Але трэба
адзначыць, што нягледзячы на гэтыя абставіны, галандскія юныя баскетбалісты
знайшлі што прадэманстраваць нясьвіскім хлопцам. Яны гулялі вельмі зладжана адзінай
дружнай камандай і хоць ўступалі крыху ў хуткасьці, але час ад часу знаходзілі
магчымасьць прарыву ў абароне каманды гаспадароў.
Усё закончылася конкурснымі выступамі з мэтаю
вызначэньня лепшых майстроў выкананьня кідкоў з розных адлегласьцяў і рознымі
тэхнічнымі прыёмамі. Затым адбылося сяброўскае фатаграфаваньне, абмен сувенірамі.
У пачатку сустрэчы кожная каманда атрымала
сьвяточны каравай, выпечаны, трэба думаць, у Нясьвіскім кандытарскім цэху. Вельмі
прыгожы зьнешне і зусім не такі на смак. У нашых пекараў, як заўсёды,
чаго-небудзь не хапае. Не знайшлося разынак, альбо ваніліну. Сахару у Нясьвіжы
бракуе таксама.
Здавалася б дробязь, якая не заслугоўвае ўвагі,
але з гэтых дробязяў складаецца ўражаньне аб нашай краіне і нашым горадзе. Я асабіста
пакаштаваў таго пірага і ня думаю, што галандскія хлапчукі яго зьядуць. Ва ўсялякім
разе нясьвіжане пакінулі сваю, крыху абшчыпаную булку ў спартовай разьдзявалцы.
Алесь Язьвінскі
|