Усё пачыналася ў васьмідзесятым
У суботу, 5-га сакавіка, у Снові адбыліся гульні
па баскетболу на кубак героя сацыялістычнай працы спадарыні Сцепановіч. Турнір
праводзіцца ўжо дастаткова працяглы час і набыў вядомасьць не толькі ў нашым
рэгіёне, але і за яго межамі. На гэты раз у розыгрышы кубка прынялі ўдзел 5 каманд, тры – з
Нясьвіжа, адна – з Койданава і гаспадары турніра – Сноўская каманда. Перамаглі
баскетбалісты Койданава, другую пазыцыю заняла адна з каманд Нясьвіжа, трэцюю –
гаспадыры турніра.
Мне хацелася б крыху нагадаць гісторыю
вышэйузгаданага мерапрыемства, паколькі час незваротна забірае з сабой не
толькі ўзгадкі аб былых баталіях на баскетбольнай пляцоўцы Сноўскай сярэдняй
школы, але сыходзяць з актыўнага жыцьця былыя арганізатары і ўдзельнікі гэтага
спартовага сьвята. Нажаль ніхто да гэтага часу не занатаваў храналёгію тых
падзей.
Першы раз кубак разыгрываўся ў весну 1980-га году.
Аб тым, што менавіта ў гэты год адбыліся першыя гульні мне нагадвае тая
абставіна, што я прымаў удзел у турніры
ў складзе каманды Нясьвіскага аўтакамбіната будучы яшчэ не жанатым, а неўзабаве,
пасьля другога разыгрываньня сноўскага турніра, праз год, я ажаніўся. Атрымліваецца,
што ў гэтым годзе адбыліся 31-шыя спаборніцтвы на кубка спадарыні Сцепановіч,
паколькі аднойчы спаборніцтвы не праводзіліся.
За ўвесь час, напрацягу больш чым за трыццаць
гадоў, у спаборніцтвах бралі ўдзел баскетбалісты розных пакаленьняў,
падрыхтаваныя рознымі трэнерамі. Мне пашчасьціла гуляць у нясьвіскіх камандах
на ўсіх сноўскіх турнірах. Не прапусьціў ніводнага.
Варта зазначыць, што сёняшні баскетбол некалькі
зьмяніўся і адрозьніваецца ад таго, што дэманстравалі першыя ўдзельнікі
напачатку 80-х гадоў. Сказваецца ўплыў амэрыканскіх гульняў НБА, якія сёньня
сталі даступнымі жыхарам былога Савецкага Саюзу. Зьмяніліся крыху і правілы
гульні, была ўведзена 3-хачковая лінія і шмат іншага ў правілах гульні, але
нязьменнай застаецца папулярнасьць баскетбулу ў Нясьвіжы і Снові.
Напачатку ў складзе каманды аўтакамбіната з
Нясьвіжа, якой кіраваў Сяргей Сімачоў, разам са мной гулялі Анатоль Цвірка,
Лявон Кажамякін, Алег Касач, пазьней далучыліся былыя выхаванцы трэнера
спортшколы Анатоля Губарава – Іосіф Івашкевіч, Віктар Кандыбовіч, Ігар Нічыпаровіч,
Сяргей Цвірка. Зараз усіх ужо і не ўзгадаць. Але не было баскетбалістаў у
раёне, якія не прымалі ўдзелу ў сноўскіх спаборніцтвах 8-га сакавіка.
Звычайна заўсёды былі прадстаўлены каманды Снові,
каманда школьнікаў спортшколы і дзьве, альбо тры каманды з Нясьвіжа, ці з
раёна. Галоўныя баталіі разгортваліся паміж адной з нясьвіскіх каманд і камандай гаспадароў турніру. Здаралася, што
нехта перамагаў тройчы запар і тады кубак заставаўся ў гэтай камандзе назаўжды.
Так першы кубак назаўсёды заваявала каманда Нясьвіскага аўтакамбіната, пазьней
гэта ўдавалася сноўскай камандзе і ў гэтым годзе трэцьці раз запар перамаглі
госьці з Койданава.
Трэба зазначыць, што ўцэлым узровень спаборніцтваў
значна вырас за гэтыя гады. Прыемна і тое, што гульцы ставяцца добразычліва да
сваіх супернікаў, чаго бракавала спарцмэнам раней. Даводзілася часам нават быць
сьведкам брыдкай лаянкі паміж некаторымі ўдзельнікамі і суддзямі ў час гульні.
Але сёньня на турніры пануе дух здаровага спартовага саперніцтва, што вельмі
прыемна. Станоўча і тое, што колькасьць аматараў баскетболу вырасла. Гэта ў
асноўным былыя выхаванцы сноўскай баскетбольнай школы і нясьвіскіх трэнераў
Анатоля Губарава і Сяргея Гапановіча.
Алесь Язьвінскі, Нясьвіж
|