У гэтым хлебе – іхнае жыцьцё
Як паведамляюць “Нясвіжскія навіны” – “хлебаробы нясвіжчыны справілі дажынкі”. Пад загалоўкам:”У гэтым хлебе – наша жыццё” на першым пляне разьмясьціліся фотаздымкі кіраўнікоў “вертыкалі” – т. Крупца і т.Макара. Далей паведамляецца аб тым, як ўзьняўся сьцяг дажынак і вядучыя віталі гасьцей і гаспадароў сьвята (хто зь іх ёсьць хто, разабрацца цяжка, відаць – кожны зь пералічаных прадстаўляў і тое і другое адначасова).
Гэта: старшыня аблвыканкаму т.Л Крупец, дэпутатка “палаткі” т.А.Новік, Намесьнік ген.дыр. па нарыхтоўках ААТ “Крыніца” т.Л.Жыбуртовіч, Старшыня райвыканкаму т.І.Макар, яго намесьнік А.Коршун, старшыня райсавету т.А.Драгавец…
“ Дзяўчаты ў нацыянальных строях уручаюць гасьцям і кіраўнікам раёна (пералічаным таварышам, аўт.) караваі – як сымбаль адвечнага жыцьця, сымбаль грамадзкага дабрабыту”… Само словазлучэньне - “грамадзкі дабрабыт” гучыць ненармальна. Што такое дабрабыт -зразумела, а грамадзкі - гэта маленькая хітрынка, каб схаваць галечу за агульнымі пакажчыкамі. Але ж у нас шмат чаго перакручана ў “абракадабру” і зрабілася нормаю.
Сапраўды, для пералічаных асобаў бітва за ўраджай – пытаньне жыцьця і сьмерці. Для іх так і ёсьць – у гэтым хлебе іхнае жыцьцё. Можна ўдакладніць: жыцьцё – альбо “сьмерць”, бо не дай Бог ня тыя пакажчыкі вылязуць, альбо не дакруцяць – тады “кірдык”. Вярхоўны галоўнакамандуючы “госьць” “уверне” абласному гасьцю, а той, у сваю чаргу раённаму. Пасьля дастанецца кіраўніцтву “коллективов” і “на закуску” атрымаюць “па шыі” “труженники полей”. Калі ж усё пройдзе пабеданосна, тады самыя тлустыя кавалкі і пасады дастануцца “гасьцям”, а “труженникам полей” “почет и уважение”.
Наколькі важна прадэманстраваць сваю выключнасьць пры камандаваньні “войскамі” і “здабычы перамогі”, гаворыць, напрыклад, “тэлеграма” надрукаваная ў “раёнцы”, калі бітва перасягнула яшчэ толькі свой рубікон, але вельмі ж хацелася прадэманстраваць уласныя посьпехі для ўсяго навакольля. Проста немагчыма стрымацца, каб не абвесьціць сябе найлепшымі і працавітымі.
У тэлеграме т.Макар даводзіць да ведама т.Крупца, што хлебаробы Нясьвіскага раёна, праяўляючы гераізм і ўпартасьць прыбралі больш за 80% “зерновых и зернобобовых”. Ай-ай, якія мы лепшыя зь лепшых і галоўнае – сьціплыя. Можна падумаць, што т.Крупец не атрымлівае ў працоўным парадку кожны дзень баявыя зводкі аб прасоўваньні сельгасуборачнай бронетэхнікі ў раёнах вобласьці. Але ж там на версе могуць забыцца пра тое, хто хутчэй і больш “выціснуў” паказальнікаў з “сваіх” калгасных угоддзяў.
І ўсё-такі перамаглі. Чакаем узнагарод і павышэньняў. Вось такія расклады на прыфрантавой мяжы. Алесь Язьвінскі
|