У абдымку са зверам Амаль гадзіну Мікалай Мусіенка змагаўся з ваўком — і перамог.
Мікалай Іванавіч Мусіенка зараз знаходзіцца на лячэнні ў Пінскай цэнтральнай гарадской бальніцы. У яго скусаныя абедзве рукі, пашкоджаная галёнка. 68-гадовы мужчына трымаецца малайцом. Наперадзе курс лячэння і рэабілітацыі. У аддзяленні гнойнай хірургіі, куды пацярпелага перавялі пасля пяці дзён знаходжання ў траўматалогіі, да яго ставяцца з асаблівай сімпатыяй. Нячаста сюды трапляюць людзі, што з голымі рукамі пайшлі на ваўка. Іншага такога выпадку за мінулыя дзесяць гадоў медперсанал бальніцы прыгадаць не можа.
Не змаглі прывесці падобных прыкладаў са сваёй практыкі ні ў раённай ветлякарні, ні ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, дзе такія факты ў абавязковым парадку рэгіструюцца. Так, шалёныя лісы, бывае, прыходзяць у вёску. У гэтым годзе яны патурбавалі жыхароў Дабраслаўкі, Іванісаўкі і пасёлка Садовы. Мясцовае насельніцтва сустрэла няпрошаных гасцей рыдлёўкамі і віламі. А вось каб воўк ...
— Я працую электрыкам на свінакомплексе «Паўднёвы», — распавёў Мікалай Мусіенка журналістам, што наведалі яго ў шпіталі. — У пятніцу (27 лістапада — ВБ) спатрэбілася зняць паказанні лічыльнікаў на падстанцыях «Ясельда» і «Водазабор». Першая знаходзіцца на тэрыторыі прадпрыемства, а да другой ісці трэба праз лес. Там усё і здарылася. Я ўбачыў ваўка перад сабой літаральна за некалькі метраў, ён бег проста на мяне, а затым скокнуў ...
Мужчына здолеў паваліць драпежніка на зямлю, у ашчэраную пашчу дзікай жывёліны ўставіў локаць левай рукі, а правай схапіў за горла, не даючы таму магчымасці дыхаць. Так, абняўшыся, гледзячы адзін аднаму ў вочы, чалавек і звер праляжалі на зямлі каля пяцідзесяці хвілін.
— Я дакладна памятаю час, бо літаральна за пяць хвілін да нападу глядзеў на гадзіннік. Было 15.31. А калі цела ваўка абмякла, стрэлкі паказвалі 16.20. Фактычна я яго задушыў. Калі небяспека мінула, дастаў мабільны тэлефон і паведаміў пра тое, што здарылася таварышам па працы. Яны неадкладна прыбеглі да мяне, адвялі мяне ў памяшканне, перавязалі, паведамілі пра здарэнне ў раённую ветлячэбніцу, выклікалі хуткую дапамогу.
Галоўны ветэрынарны ўрач Пінскага раёна Барыс Капцюх, прыбыў на месца здарэння адразу ж пасля атрымання трывожнага сігналу пра кантакт чалавека з дзікай жывёлай.
Воўк быў невялікага памеру і вельмі худы, яго вага не перавышаў 40 кілаграмаў. Галаву жывёліны тут жа адправілі на даследаванне ў Брэсцкую абласную ветлабараторыю, каб высветліць ці быў воўк хворы на шаленства, а астатнюю частку тулава спалілі і парэшткі закапалі згодна інструкцыі. Мікалаю Мусіенку прапісалі курс антырабічных прышчэпак.
Як потым высветлілася, ваўка ў той дзень бачылі і іншыя супрацоўнікі свінакомплекса. Ён рухаўся з боку гарадскога пасёлка Лагішын проста да прахадной прадпрыемства. Але там яго сустрэлі вартаўнікі з рыдлёўкамі. Атрымаўшы ад іх належны адпор, жывёліна павярнула ў бок вёскі Вулька Гарадзішчанская, як раз туды, дзе знаходзіцца падстанцыя водазабору.
Павел Куніцкі, «Вечерний Брест»
|