Адмарозкі гуляюць па Нясвіжы
Лета – гэта цяпло, гэта кветкі, зеляніна, добры настрой. Як заўсёды
рухаючыся з Новага месца ў горад вока радуецца прыгажосці наваколля і да гэтага
прывыкнуць немагчыма. Але раптам… – дзікунства. Радок свежа пасаджаных клёнікаў
і дубкоў, якія толькі прыняліся і раскінулі маладыя лісточкі, усцяж пераламаны
напалову. Шкада і балюча глядзець на гэта, але яшчэ больш непрыемна ўявіць сабе
постаць таго дзікуна, а дакладней будзе казаць – адмарозка, які замахнуўся на
такое.
Дзікуном можна назваць чалавека беднага на розум і цывілізаванасць,
чалавека на ступені развіцця блізкага да жывёльнага. Але і ён не будзе проста
так, калі гэта не магчыма з’есці, альбо скарыстацца для некай патрэбы, глуміць
прыгажосць. У дзікуна ёсць хоць бы рацыянальнасць. А як тады назваць двуногую
істоту, якая можа зрабіць учынак, што не паддаецца ні якай рацыянальнай логіцы,
альбо прымітыўнай патрэбнасці? У гэтай істоты не можа быць розуму і нармальных
чалавечых пачуццяў, мазгі ў яе, як і душа, атрафіраваныя, іначай кажучы –
адмарожаныя. Адразу ж узнікае пытанне – адкуль яны бяруцца і колькі іх
боўтаецца па Нясвіжы?
Колькі – меркаваць цяжка, а адкуль бяруцца – можна здагадацца. Адмарозкаў
выхоўвае нашая сыстэма, бо як ні круці, а каб прышчапіць маладым асобам
нахабства, цынізм, безадказнасць, бездухоўнасць, трэба стварыць суадносныя
ўмовы выхавання. Выхоўвае само жыццё: гэта і школа, і сям’я, і вуліца, і ўся
сацыяльна-палітычная сыстэма. Каго можна выхаваць ва ўмовах усеабдымнай хлусні,
фальшывых ідэалаў і каштоўнасцяў, культа алкагалізму і жабрацтва?
Зусім недаўна, на гэтым месцы, паміж азёраў, дзе зараз тырчаць зламаныя
маладыя саджанцы, красаваліся прыгожыя разгалістыя таполі. Начальнікам
прастрэліла ў галаве і іх прылюдна спілавалі. Пілавалі і пілуюць да гэтага часу
дарослыя дзядзі вылікія і малыя дрэвы, "карысныя” і "шкодныя”, і не толькі ў
Нясвіжы. Чым не прыклад для
падрастаючага пакалення? Чаму не можна без усялякай патрэбы зніўчыць
дрэўца малое, калі нехта знішчае на той жа падставе куды больш значнае?
Грамадзтва дэградуе і спараджае непрыстойныя з’явы і не трэба рабіць
выгляд, што гэта для нас не нармальна, што гэта выключэнне з правілаў, альбо
такога ў нас не існуе зусім. Заплюшчыўшы вочы на гэтыя з’явы, нам іх не
спыніць.
Паслухайце ўважліва мацюковыя размовы моладзі ў грамадзкіх месцах, звярніце
ўвагу на змест тых размоваў і многае зробіцца зразумелым. Можна канешна жыць і
ў ружовым свеце, што ствараецца прапагандай беларускага рэжыму. Але ж усё роўна
нікуды не падзецца ад сапраўднай рэчаіснасці, а гэта: зламаныя дрэвы, загажаныя
грамаджзкія месцы, мацюкі, п’янства, рэкецірскія паборы на суботнікі і
падпіскі, прымусовыя прагоны праз дэманстрацыі і гэтак званыя "выбары”,
начальніцкі, ды і не толькі, падман.
Пералік відавочнага можна прадоўжыць далей і толькі адкінуўшы навязаныя
фальшыўкі, можна пазбавіцца дэградацыі грамадзтва, а значыць і пераадолець
духоўны і выхаваўчы крызіс.
Але гэта заўтра, а сёння – маем, тое, што маем.
А.Язьвінскі
|