Уся чыноўніцкая раць супраць настаўніка-пенсіянэра
Уявіце сабе сытуацыю. Вы усё жыцьцё працавалі настаўнікам, змагаліся за
тое, каб з нашых дзяцей атрымаліся годныя грамадзяне, сумленныя людзі. Цяпер вы
на пенсіі. Жывеце ў сваёй хаце. Побач з вашым участкам месьціцца “культурный
цэнтр” магутнай калгаснай арганізацыі, і праезд у двор гэтага цэнтру да
службовых гаражоў праходзіць каля вашага плоту.
У “КЦ” рэгулярна ладзяцца моладзевыя забавы – дыскатэкі. Вечарамі пад
вашымі вокнамі весяліцца “молодзёж” і зусім не такая, якую ўсё жыцьцё намагаліся
выхоўваць вы. Мацяршчына, распіцьцё, часам бойкі. Раніцай пад вашым плотам (у
казённым праезьдзе) – паперкі, пустыя бутэлькі, закусь, прэзерватывы і іншыя
карысныя раней рэчы. Пытаньне: каму прыбіраць?
Правільна, пенсіянэру. Такое меркаваньне цэлай арміі чыноўнікаў і
падчыноўнікаў розных масьцей, полу і ўзросту. Такое маральнае аблічча людзей,
якія навучыліся надуваць шчочкі і якія называюць сябе ня іначай як “власць”. Ці
такімі бачыў сваіх вучняў настаўнік, калі не шкадаваў свайго здароўя,
выхоўваючы ў свой час вучняў, якія сёньня ўжо называюцца “власць”?
Мы пакуль наўмысна не называем імя настаўніка, бо сэнс публікацыі зусім ня
ў тым, каб пашкадаваць старасьць. Моцных людзей шкадаваньне абражае, нават калі
ўжо няма той моцы. Але ж ўзьнікшую на пустым месцы, высілкамі цэлай арміі
чыноўнікаў, праблему без увагі пакідаць немагчыма. Таксама варта назваць імёны
таварышаў, якія, засеўшы ў высокіх кабінэтах добра авалодалі бюракратычнымі
механізмамі вырашэньня набалелых праблемаў.
Гэта стары меэханізм “адфутбольваньня” усіх слабейшых і безабаронных, гэта
замшэлы савецкі спосаб адпраўляць сваіх ахвяраў па замкнутаму бюракратычныму
колу, альбо куды далей.
Узьнікшая праблема не бытавая, а хутчэй маральная. У гэтым канфлікце, арганізаваным
афіцыйнымі таварышамі, выяўляецца аблічча сёняшняй улады. Здавалася б, што за
праблема? Агромістая кантора прыбіраецца і даглядаецца кожны дзень, маецца
нават дворнік. Ёсьць сродкі і працоўныя
рукі і ці не вучылі іх калісьці ў школе проста дапамагаць пажылым, інвалідам,
ветэранам? Відаць увесь гэты паказушны камсамольскі, а зараз брсэмаўскі “пшык”
зусім не кранае душы падлеткаў, а іначай – адкуль тады бяруцца такія цёці і
дзядзі, якія намагаюцца вымусіць немаладога чалавека, растраціўшага свае сілы і
здароўе на выхаваньне цэлых пакаленьняў, прыбіраць сьмецьце пасьля іхных “культурно-воспітацельных”
меропріятій. Для нармальных людзей было
б нармальна прыбраць не толькі за сабою, але яшчэ і дапамагчы тым, у каго ўжо
ня тыя сілы, як гэтаму вучылі калісьці ў школе.
Але ў нашым выпадку пенсіянэр-настаўнік атрымаў ад старшыні сельсавета
таварыша А.Жука да Дня пажылых людзей і да Дня настаўніка зусім іншае
“віншаваньне”. Таварыш старшыня выслаў яму высокае прадпісаньне з пагрозаю
аштрафаваць, каб пенсіянэр больш ня сьмеў скардзіцца ў санстанцыю і моўчкі, на
валанцёрскіх пачатках, абслугоўваў іхныя тусоўкі. Вось такая мараль і такая
павага да сівізны.
А цяпер канкрэтна. На адну напісаную скаргу (вусныя звароты засталіся
па-заўвагай, іх “власьць” не разглядае і ва ўпор ня бачыць) атрымаў цэлы пакет
папер і адпісак з розных высокіх кантор:
1.
Вынятку
“Санітарных правіл содержанія терріторій” пад дзіўнай назвай “СанПін №10-7-2003”, у якой даводзіцца, што
жыхар павінен прыбіраць вуліцу насупраць свайго дому. Але ж у нашым выпадку
гэта не вуліца, а службовы праезд транспарта арганізацыі.
2.
“АКТ-ПРЕДПІСАНІЕ”
пад подпісамі “Председателя Несвіжского сельісполкома” т. ЖУКА Александра
Георгіевіча і “Участкового інспектора” Трутнева Владіміра Івановіча, у якім пад
пагрозаю штрафа ў памеры да 25-ці базавых велічынь, яны абавязалі пенсіянэра
прыбіраць службовы праезд магутнай арганізацыі.
3.
Пісьмо-адпіска
з “аддзелу культуры Нясвіжскага выканкаму” ад імя Н.Д.Беганскай, але чамусьці
бяз подпісу.
4.
Пісьмо-адпіска
Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Эксперыментальная база ГАНУСАВА” пад
подпісам “Діректор РУП “э/б Ганусово” А.В.Уласевіч, той самай магутнай
арганізацыі, за якой пенсіянэру “велено” прыбіраць сьмецьце (і не сорамна?).
5.
Пісьмо-адпіска
з Аддзелу унутраных спраў Нясвіжскага РВК пад подпісам І.М.Цвірка.
6.
Пісьмо-адпіска
з “Несвіжского сельского ісполнітельного комітета” пад подпісам Жук А.Г.
7.
Пісьмо-адпіска
з Грамадскага аб’яднання БЕЛАРУСКІ РЭСПУБЛІКАНСКІ САЮЗ МОЛАДЗІ пад подпісам
О.А.Сільвановіч.
8.
Пісьмо-адпіска
з Дзяржаўнай установы “Нясвіжскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” пад
подпісам “Главный государственный санітарный врач Несвіжского района”
В.Н.Лагун.
9.
А
таксама паперка з рэдакцыі газэты “Нясвіжскія Навіны” пад подпісам “Главный
редактор Д.Л.Яшченко”. Тут будзе дарэчы ўзгадаць нядаўнюю публікацыю ў
“Нясвіжскіх Навінах” за 18 верасьня пад загалоўкам “Вячэрні праменад”, па
выніках сумеснага рэйду работнікаў адукацыі, міліцыі і БРСМ.
Цытуем:“Далей удзельнікі рэйду накіраваліся ў Ганусаўскі СДК. Здавалася,
што на дыскатэку сюды сабралася ўся моладзь з гораду і бліжэйшых вёсак. Былі і
маладыя людзі, якія не надта ўпэўнена трымаліся на нагах, - у тым ліку – і
пастаянныя “кліенты”аддзелу ўнутранных спраў. Члены рэйдавай брыгады папрасілі
іх проста пакінуць дыскатэку і ісьці дадому адпачываць. Праўда, растацца зь
любімым месцам адпачынку пажадалі толькі адзінкі, астатнія працягвалі “плаваць”
каля дыскатэкі… Самае жахлівае, што сярод п’яных былі і дзяўчаты…"
Атрымліваецца карціна: на адно пісьмо-скаргу пенсіянэра – 9 папер-адпісак
пад восем подпісаў таварышаў-начальнікаў з розных дзяржаўных устаноў. Робіцца
жахліва ад разуменьня, што толькі стоіць “рыпнуцца” аднаму супраць гэтай арміі
маладах, здаровых, пры грашах, ўладзе і сувязях чыноўнікаў, як адразу накінуцца
стаяй і мокрага месца не застанецца. Турбаваць слугаў народа сваімі праблемамі
не пажадана, бо гэта ім не падабаецца і калі што – адразу “заткнуць”. Стары,
малады, інвалід, проста чалавек – для іх розьніцы няма, “нужно поставіць на
место”. Трэба думаць, што гэта і ёсьць знакамітая сыстэма “у адно вакно”, якая
азначае – усе скопам на аднаго па сігналу – “фас”.
Рэдакцыя не пакіне бяз увагі далейшае разгортваньне “найскладанейшай
праблемы” настаўніка-пенсіянэра і, паколькі чыноўнікі ўпарта называюць праезд ў
двор канторы вуліцай, а вуліца, як вядома, павінна мець назву, мы прапануем
часова назваць яго (праезд) “Вуліцай імя васьмі нясьвіскіх камісараў”. Пазьней,
калі вырашыцца пытаньне, хто ж зь іх найбольш варты быць ушанаваным у гэтым
пшыкавым канфлікце, мы назавем гэтую каляіну ў гонар яго імя “Прашпэктам імя
таварыша…”
Але ж усё-такі хочацца спадзявацца, што знойдзецца нехта, хто здолее
вырашыць маральна невырашальнае пытаньне ўраз і назаўсёды, нават калі шчыліна
паміж дамоў сапраўды зробіцца прашпэктам. Сорамна.
А.Язьвінскі
Унутраны двор СДК
“Ганусава” з гаражамі (справа). На пярэдним пляне будынак СДК "Ганусава" Семецце паблізу сдкоўскіх гаражоў, якое пенсіянэр
прыбіраць ня стаў
Вуліца “Васьмі
нясьвіскіх камісараў”. Справа сядзіба пенсіянэра, зьлева – будынак СДК “Ганусава”
Работнік СДК
сумуе на дзяжурстве
|