Нясвіжскі раённы суд прызнаў клецкага актывіста невінаватым. Цяпер ён збіраецца судзіцца з тымі, хто яго абылгаў.
Як паведаміў Сяргей Панамароў, 29 чэрвеня ў Нясвіжскім
раённым судзе прайшло заключнае паседжанне па адміністрацыйнай справе супраць
яго. Суддзя Марына Дунаева спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненні да
Панамарова, палічыўшы яго невінаватым. Падставай для такога рашэння сталі
шматлікія парушэнні з боку клецкай міліцыі. Так, Нясвіжскі суд высветліў, што
справа супраць клецкага актывіста была фактычна сфабрыкаваная: сведкі з боку
абвінавачвання блыталіся ў паказаннях, на пратаколе, складзеным участковым міліцыянтам Гардзеям адсутнічаў подпіс Панамарова.
Цяпер Панамароў рыхтуе сустрэчныя заявы ў пракуратуру і
абласное ўпраўленне ўнутраных спраў на начальніка Клецкай ЖКГ, яго сведак і
клецкіх міліцыянтаў. Ён паведаміў, што УУС Мінаблвыканкама збіраецца заняцца
ягонай першай заявай у пракуратуру на дзеянні А. Навіцкага ад 15 сакавіка 2010 г. «Мая заява дагэтуль
не разгледжаная», — патлумачыў Панамароў.
Нагадаем, што 15 сакавіка гэтага года Панамароў звярнуўся ў
пракуратуру Клецкага раёна са скаргай на дзеянні начальніка клецкай ЖКГ
Аляксандра Навіцкага. Аднак у праваахоўных органах заяве Панамарова ходу не
далі, затое распачалі ў дачыненні да яго адміністрацыйную справу паводле сустрэчнай
заявы Навіцкага. У выніку
Клецкі раённы суд прысудзіў Панамарову штраф.
28 траўня Мінскі абласны суд пастанавіў адмяніць
рашэнне Клецкага раённага суда і накіраваў справу ў суд Нясвіжскага раёна на
новы разгляд.
|