Італьянскія камуністы –
сапраўдныя сябры беларускім членам “Белай Русі”?
3.10.2009. Нясьвіж (Напярэдадні візіту Берлусконі)
Суботні дзень выдаўся хоць і не сонечны, але і не дажджлівы, што даволі
прыемна для восені. Выпадкова заўважаю на “Ленінскай” плошчы ў Нясьвіжы вялікі
збор школьнікаў і навучэнцаў каледжу. Сустракаю знаёмых і пытаюся, што тут
адбываецца. Выхаванцы Нясьвіскага каледжу адказваюць, што іх сюды даставілі
арганізавана ў абавязковым парадку, іначай кажучы, для масоўкі, а што тут
будзе яны ня ведаюць.
Спачатку падалося, што будзе чарговая надуманая тусоўка, каб
прадэманстраваць замалёўку шчасьлівага жыцьця, але не. Заўважаю, як з
аўтамабіля з італьянскім сьцяжком выходзяць людзі і ў суправаджэньні таварыша
Макара рухаюцца да сярэдзіны плошчы.
Зразумела – прыбыў італьянскі пасол і на плошчы адбудзецца нешта сьвяточнае.
Пачынаюць біць барабаны і выходзіць урачыстая калёна, апранутая ў яркія
сярэднявечныя строі. Пачынаецца відовішча з сьцягамі, сярод якіх можна
заўважыць і дзяржаўны флажок Лукашэнкі. Відовішчам захапляюцца ўсе прысутныя і
мерапрыемства набывае надзіва вольны стан. Прысутных дзяцей не цярэбяць настаўнікі
і работнікі раяна. З натоўпу цяжка вылучыць нават кіраўнічых асобаў, а перад
паслом зьявіліся два хлапчукі і той паклаў ім на плечы свае рукі. Дзіва ды і
толькі. Усё, як ў дэмакратычнай Эўропе.
Плошча напаўняецца сярэднявечным духам і вельмі прыемна паглядзець
выступленьне італьянскіх аматараў старажытнасьці, а магчыма і прафесіяналаў, бо
ніхто ж прысутных дакладна ня ведае, што тут і як.
Адразу ж ў думках зьяўляюцца асацыяцыі з нашай рэчаіснасьцю. Вольныя
адносіны да гістарычных каштоўнасьцяў, бязроднасьць, пакалечаны Радзівілаўскі
палац, занядбаная мова… З гістарычных замалёвак, праўда, можна вызначыць, як
станоўчыя крокі, зьяўленьне дзьвух конікаў і паравозіка, якіх заўсёды
выстаўляюць да прыезду высокага начальства. А ў цэлым – убогасьць і звняпад.
Алесь Язьвінскі
|