Адным стрэлам – два зайцы
У нядзельку 14 лютага нясвіжане святкавалі Масляніцу і адначасова
стартавалі на так званай "прэзыдэнцкай лыжні”. У гэтым відаць ёсць рацыя, бо
сабраць шмат людзей на чарговае запланаванае мерапрыемства сёняшнім часам
зрабілася складана. Іншая справа, калі два мерапрыемствы адначасова і ў адным
месцы, тады і народу збіраецца ўдвая больш.
Стаяла добрае зімовае надвор’е, якога бракуе ў святочныя дні ўжо каторы
год. Невялікі марозец. Падае, як ў кіношнай казцы, бялюткі снег. Вельмі прыгожа
ў парку.
На Нясвіжскую лыжню сабраліся прадстаўнікі розных арганізацый,
прадпрыемстваў і устаноў раёну, таксама не забыліся запрасіць школьнікаў і
навучэнцаў Нясвіжскага коледжу імя Я.Коласа.
Лыжня аказалася засыпаная снегам і таму першымі ў прарыў кінулі моладзь,
якая прабіла лыжню і забяспечыла лепшыя ўмовы праходжання трасы старэйшаму
пакаленню. Таксама школьнікам на гэтым усенародным "свяце здароўя”адводзіцца
роля па забяспячэнні большай "масавасці”.
На самой справе старты на лыжні – нядрэнная, нават карысная рэч, але вось з
чаго ім зрабіцца масавымі? Больш-менш нармалёвых лыжаў не хапае нават у школах
раёна, а тым больш іх проста няма ў калгасах і на прадпрыемствах. Напярэдадні
стартаў патэнцыйныя ўдзельнікі шастаюць па школах і іншых месцах у пошуках
лыжнага рыштунку, але пазычыць мала каму ўдаецца, бо проста няма чаго даваць.
Ёсць і яшчэ адзін негатыўны бок у гэтых стартах пад прымусам – медыцынскі
кантроль. Хочаш – не хочаш, можаш – не можаш, а калі начальства настойліва
прапануе выходзіць на лыжню, мала хто можа адмовіцца. Стан здароўя пры гэтым не
мае вялікага значэння, галоўнае каб работнік "пагадзіўся выручыць калектыў”. Вось
і кладуцца касцьмі і здароўем ужо зусім не маладыя і зусім не здаровыя людзі,
якія ў лепшым выпадку выходзяць на лыжню, альбо бегавую дарожку раз у год.
Варта ўзгадаць нядаўні, апошні ў жыцці, старт на лыжах 56-гадовага старшыні
сельсавета з Віцебскай вобласці. Чалавек, бацька траіх дзяцей, памёр на так
званай "прэзыдэнцкай” лыжні не дацягнуўшы да фінішу.
Далей свята доўжылася канцэртам, паяданнем бліноў і паленага на адкрытым
агні мяса, рознымі конкурсамі і
забавамі, спальваннем на вогнішчы сымвалічнай лялькі-зімы.
Алесь Язьвінскі
|