Дурыбары ў палатку
Выбарамі гэта называць ужо немагчыма. Тое, што адбываецца
зараз ў Беларусі пад такую катэгурыю не трапляе. Сёньня мы маем сьпектакль, дзе
галоўныя артысты выконваюць свае ролі і атрымліваюць за гэта ўзнагароды, якія
адпавядаюць рангам кожнага зь іх.
Тыя, хто ўпісаныя ў паперкі пад назовам "выбарчыя
бюлетэні” атрымліваюць галоўныя ролі ў пастаноўцы і суадносныя аклады ад 1000
даляраў, халяўскія кватэры ў Менску, пажыцьцёвае забеспячэньне і іншыя ільготы
ды радасьці жыцьця. Пры гэтым ім не давядзецца працаваць не пакладаючы рук, усё
– на халяву. Можна спакойна драмаць ва ўтульнай зале паседжаньняў, чытаць
газэты, вязаць шкарпэткі, а час ад часу націскаць на кнопкі ў падтрымку
кормячай іх рукі. Калі-нікалі можна раз’язджаць па рэгіёнах ды тусавацца ў
якасьці вясельных генералаў на розных тусоўках ды прыёмах. Галоўнае не
высоўвацца і рэгулярна рабіць "адабрамс” любой бязглузьдзіцы "галавы
гасударства”. Лафа, а не жыцьцё ля гэтага прыўладнага адборнага карыта.
На другіх ролях сьпяктакля задзейнічаны старшыні
фальсыфікацыйных камісій рознага ўзроўню. Яны атрымаюць давер кіраўніцтва,
прасоўваньне па службе, матэрыяльныя ўзнагароды. Ім давядзецца на час
правядзеньня дурыбараў забыцца пра сумленьне і нават пра магчымасьць панесьці
крымінальную адказнасьць за сьвядомае парушэньне існуючага заканадаўства па
замове зь верху. Гэты верх іх прыкрывае ды забясьпечвае бяспакаранасьць перад
правасуддзем, якога ў нас пакуль нідзе не назіраецца. Гэты верх пакуль і сам
утрымліваецца пры захопленай падманам ды запалохваньнем уладзе.
У самым нізе на сцэне можна разгледзець шэраговых
прадстаўнікоў гэтых камісій, якія атрымаюць меньш за ўсіх: разавую дачку на
харчаваньне ды лаяльнасьць вышэйстаячага начальства. Вось і ўся камарыльня, але
яна будзе ня вартая і ломанага граша, калі на сцэне не зьявіцца масоўка ў
выглядзе ўсяго астатняга народа, якая не атрымае нічога, але, сама таго не
разумеючы, будзе аплочваць усе растранжырваньні разбэшчанай безадказнасьцю ўлады
напрацягу ня толькі дурыбарчага сьпяктакля, але і ўвесь астатні час па жыцьці.
Вось і атрымліваецца: 1. Няма выбару (толькі падабраныя
рэжымам асобы);
2. Няма выбараў (паслухмяныя фальсіыікацыйныя
камісіі зробяць любы вынік і на любым узроўні, ад галасаваньня да выніковых
пратаколаў і ніхто іх ня зловіць за руку, бо знаходзяцца пад вярхоўнай апекай,
якая прыхапіла ўсю ўладу ў краіне);
3. Няма самаго парляманта, які павінен быць
незалежным ад выканаўчай ўлады і нават кіраваць ёю праз законатворчую
дзейнасьць. Лукашэнкаўская ж палатка можа толькі слухацца прэзідэнцкай ўлады і
выконваць усе яе патрабаваньні. Адзін чалавек, які ўвабраў пад сябе ўсю ўладу ў
краіне, можа ў любое імгненьне разагнаць палатку і замяніць новай. Як зазначыў
ў сваім выказваньні праз газэту прадстаўнік палаткі, кіраўнік цукровага
камбіната спадар Крыштаповіч: "Мы одобрілі более 50-ті законопроектов”. Прызнаўся,
што палатачнікі законаў не ствараюць, а толькі "одобрамс”. Дык нафіга нам такая
заканадаўчая ўлада? Навошта траціць грошы на імітацыю дэмакратыі, калі законы
пішуцца ў адміністрацыі "празідзента”?
Дык ці варта глуміць грошы на дурыбары, хадзіць на
іх ды ўдзельнічаць у масоўцы як дэкарацыя да сьпектакля, у якім тлустыя пацукі
ўладкоўваюцца ля карыта ўлады, прыкрываючыся нібы-та агульнанароднай падтрымкай?
Ня варта. Няхай яны і надалей самі сябе абіраюць.
На гэтых дурыбарах, што адбыліся 23-га верасьня, большасьць людзей рэжым
заганяў пад пагрозай адміністрацыйных рэпрэсій па месцы працы, ды і то людзі не
прышлі, байкатавалі гэтую дурыбарчую брыдоту.
З маіх назіраньняў за "працэсам” на выбарчым
участку №23, які разьмясьціўся ў памяшканьні Нясьвіскай школы №4 можна зрабіць
высновы, што пры ўсіх намаганьнях выканкаму ўдалося прыцягнуць да гэтага
сьпектакля толькі ні больш, ні меньш 50 адсоткаў выбаршчыкаў. Кіраўніцтва ж
камісіі бессаромна "дамалявала” лічбу да 60%. Мяркуйце самі, спадары чытачы. На
участку па сьпісам набралася 1292 выбаршчыкі, 265 зь іх прагаласавалі
датэрмінова, 60 запісаліся на галасаваньне па месцы жыхарства. Калі дапусьціць
што усе гэтыя 60 асобаў сапраўды запісаліся (а не былі запісаны бяз іхнага
ведама) і яны сапраўды прынялі ўдзел ў галасаваньні, што вельмі сумнеўна, бо я
сам калісьці езьдзіў у складзе камісіі і ведаю, як цяжка сабраць галасы: ў
некага зачыненая хата, нехта недзе зьехаў, а нехта проста пасылае прадстаўнікоў
камісіі на… Дык вось нават калі б усе гэтыя міфічныя 60 чалавек прынялі ўдзел у
кампаніі, дык атрымліваецца каля 53%, а калі
толькі 20 атрымліваецца 50%. Старшыня ж камісіі не міргнуўшы вокам
заявіла, што па месцы жыхарства раптам прагаласавала 146 чалавек… На пытаньне:
ад куль яны ўзяліся напрацягу трох гадзін з 60-ці да 146-ці чалавек, кіраўніца
ўчастка зноў не міргнушы адказала, што званілі па тэлефоне. Але ж я сядзеў
насупраць тэлефона на выбарчым участку і ніводнага чалавека пры гэтым ў сьпісы
не запісалі і тэлефонам карысталісяі на працягу дня не больш 10-ці разоў. Адказ
быў разьлічаны на ідыёта - званілі ёй на яе службовы школьны тэлефон, які
выбаршчыкам увогуле не вядомы. Вось так робяцца вынікі: было 50%, а праз хвілін
40 (столькі езьдзіла скрыня па хатах) ужо 60%.
Выснова адна: людзі ў гэтай брыдоце не
ўдзельнічалі, праўда некаторых заганялі сілком, вызваньваючы праз працоўныя
месцы па хатніх тэлефонах (шмат фактаў). Да таго ж камісіі на колах шасталі па вуліцах,
прапануючы людзям паўдзельнічаць ў гэтым непрыстойным мерапрыемстве. Іх
пасылалі … вельмі далёка. Прынамсі, да майго суседа прыязджалі двойчы, каб
"прагаласавала” яго хворая маці. Ён двойчы мацярна аблаяў назойлівых
"таварышчыаў”. Так, што цяперашняя палатка атрымалася не народная, а хутчэй
інародная. Чаго чакаць наперадзе? Трэба рыхтавацца да выпрабаваньняў на
церпялівасьць. Будзем карміць новую араву тлустых пацукоў, якія не толькі
любяць смачна есьці, але і не даюць людзям нармальна працаваць.
Алесь Язьвінскі, назіральнік за дурыбарамі 2012. Блогер сфатаграфаваў ведамасці выбарцаў: яўка 5—15%!
Чкалаўская выбарчая акруга, участак № 203, час 19.40,
застаецца 20 хвілін, і я — адзіны электарат у гэтым памяшканні. Распісваюся за
бюлетэнь і проста фатаграфую на мабільнік, хто ў маім доме ўжо выбраў сабе
дэпутата. Сачыце за рукамі.
Вось першая «хатняя» старонка — два дзясяткі прозвішчаў і…
адзін (!) подпіс аб атрыманні выбарчага бюлетэня.
Маё прозвішча на другой старонцы — там яшчэ 21 прозвішча, а
я другі (!), хто зрабіў гэта сёння. За 20 хвілін да заканчэння галасавання,
ага. Яшчэ трое суседзяў — датэрмінова ў суботу.
Разам нас шасцёра з 42 жыхароў.
Паводле гэтых фота, яўка на парламенцкіх выбарах у маім доме
склала… 14,2%! Такое наогул бывае?! Праўда, гэта не ўвесь дом, але паўтара
пад’езда з трох. І тут я дом свой запаважаў! Асаблівы ж дом! Мой дом не супадае
з раёнам, горадам і краінай у цэлым.
Вось вам вынікі народнага выбару на маім выбарчым участку №
93: прагаласавалі 1208 чалавек з 2092 выбаршчыкаў (гэта 57,7%).
Што цалкам
адпавядае яўцы ў Чкалаўскай выбарчай акрузе (58,9%), адпавядае яўцы ў Мінску
(59,2%) і катэгарычна не адпавядае майму дзіўнаму дому.
Цяпер уявіце, за хвіліну да заканчэння выбараў на кожным
выбарчым участку адной акругі фатаграфуем колькасць тых, хто прагаласаваў…
Зрэшты, гэта занадта лёгка.
Віктар
Малішэўскі
|