Парад адбыўся + фоткі
Сымбалі, што выкарыстоўваюцца для выхаваньня моладзі могуць быць і савецкія,
абы не нацыянальныя. Так ёсьць у паднявольнай Беларусі. Пад сярпаста-малаткастым
крывавым сымбалем памерлай савецкай імпэрыі крочыць ва ўчарашні дзень маладое
пакаленьне юных ленінцаў, прабачце… невядома каго. Вядома толькі, што, як і ў
часы панаваньня камуністычнай хлусьні, завецца арганізацыя піянерыяй, толькі
гальштукі ў іх, у адрозненьне ад савецкіх, крыху замазаныя зялёным брудам. Жыць жа пад
нацыянальнай Пагоняй забараняецца і рэжымам расцэньваецца, як злачынства.
Традыцыйна перад пачаткам новага навучальнага года ўсе настаўнікі
зьбіраюцца на раённыя метадычныя аб’яднаньні і на так званую "аўгустоўскую
канферэнцыю”. І гэты год не зрабіўся выключэньнем. Сабраліся, абмеркавалі
праблемы, якіх чамусьці не ўбывае, а наадварот.
Сумна робіцца ад ўсьведамленьня таго становішча, да якога даведзеныя нашы
настаўнікі. Склалася абстаноўка, калі патрапіць у вышэйшую педагагічную
ўстанову можна нават двоечнікам, дастаткова толькі падаць дакумэнты. Прахадны
бал тэсціраваньня на асобныя дысцыпліны педагагічных вузаў пачынаецца амаль ад
нуля. Моладзь няхоча ісьці ў настаўнікі. Страшна ўявіць хто будзе займацца
навучаньнем і выхаваньнем вучняў у беларускіх школаў праз некалькі гадоў, калі
нічога ня зьменіцца і надалей.
Тым ня меньш першае верасьня набліжаецца і нясьвіскія настаўнікі, а
дакладней дэлегацыі ад школ, сабраліся на галоўнай плошчы Нясьвіжа, прама
насупраць выканкамаўскага гмаху. Апошнія гады зарадзілася "традыцыя” перад
настаўніцкай канферэнцыяй зьбірацца каля выканкама і, сумесна з выхаванцамі
школ, ўдзельнічаць у "празднічном” представленіі. Можна гэта назваць парадам з
падтанцоўкамі.
Галоўныя гледачы стаяць на прыступках выканкаму, гэта кіраўніцтва з
запрошанымі гасьцямі (10-12 чалавек). Перад імі праходзяць ражаныя школьнікі,
якія выконваюць розныя танцы і тэатралізаваныя прадстаўленьні, грае аркестр.
Некалькі соцен настаўнікаў і вучняў назіраюць за выступленьнямі з заду, са
сьпіны.
Напярэдадні гэтага дзейства праходзяць мнагаднеўныя рэпетыцыі. З кожным
разам працягласьць "трэніровак” павялічваецца і сцэнарыі ўдасканальваюцца
відовішчнымі вынаходніцтвамі.
Уцэлым дзецям падабаецца прайсьціся па горадзе, атрымаць узнагароды за свае
дасягненьні, але ж трэба не перабіраць з рэпетыцыямі, бо летнія канікулы не для
таго, каб нудзіцца ў "страявой падрыхтоўцы”.
Калі сьвяточнае прадстаўленьне скончылася, настаўнікі сышлі ў памяшканьне
Дома культуры, дзе адбылася сьвяточная канферэнцыя. Мерапрыемства, як
сьцявярджаюць сьведкі, на гэты раз прайшло зьмястоўна і не было расьцягнута ў
часе. Наперадзе пачынаецца "бітва” за навучаньне і выхаваньне. Так ўжо
павялося, што нармальна і разьмерана ў нас працаваць ня прынята, таму бітва за
ўраджай яшчэ ня скончылася, а пачынаецца ўжо новая.
Будзем упірацца ў перадок
Ход часу не спыніць нікому, нават Лукашэнку. Вось ужо і лета на сыходзе,
Рыгорыч пастарэе яшчэ на адзін гадок, а Міколка падгадуецца на столькі ж.
Дзяржаўныя справы таксама не стаяць на месцы, пачнецца новы навучальны год у
беларускіх школах. А дакладней – у школах, якія месьцяцца ў Беларусі, бо
беларускага ў іх засталося амаль нічога. Адсюль і пытаньне – каго выхоўваюць
гэтыя школы?
Чыноўніцкая машына раскручваецца ў сваёй бюракратычнай творчасьці з
размахам, што ўжо сёньня не дазваляе нармальна працаваць ні настаўнікам, ні
вучням. І вось, навіна – 1-га верасьня ўводзіцца ў дзеяньне "адукацыйны
кодэкс”, як вынік цітанічных высілкаў арміі бюракратаў ад адукацыі. Ім вельмі
хочацца есьці, таму і "працуюць” не пакладаючы рук. Плёнам гэтай пустапарожняй
"деяцельносці”, як і раней, зьяўляюцца папяровыя горы макулатуры, якія
давядзецца разграбаць ва ўстановах адукацыі.
Якое ж важнае, напрыклад, зьмяненьне ўводзіцца ў названьне звычайных
сярэдніх школ, якія раней так і называліся - сярэдняя школы №…! Некалькі гадоў назад
нашыя кіраўнічыя бюракраты перайначылі іх прыкладна так: "Учережденіе
Образованія ”Государственная обшчеобразовательная средняя школа №5 города
Забулдыгінска” (УОГ). Гучыць, ці няпраўда? Не дарма, значыць, хлеб ядуць у
розных міністэрствах ды дэпартаментах, аддзелах ды пададдзелах. Але і гэтага
падалося мала, яны на месцы ня спыняюцца, хочацца яшчэ больш засьведчыць сваю
"працаздольнасьць”. З гэтага навучальнага года школы будуць ужо называцца
здаецца так: "Государственное Учережденіе Образованія "Обшчеобразовательная
средняя школа №5 города Голопупенска” (ГУО). Якая важнасьць, якая
неабходнасьць! Галоўнае, што цяпер давядзецца перарабляць усю школьную
працоўную "макулатуру”, нагляднасьці ды вывескі.
Альбо вось яшчэ адно новаўвядзеньне, з гэтага году педагогі, якія будуць
занятыя пазашкольнай працай, атрымаюць новае прозьвішча – "педагог дошкольного
образованія” (ПДО).
І вось яшчэ адна навіна – "адукацыйны кодэкс”, які, калі верыць
тлумачэньням супрацоўнікаў міністэрства адукацыі, павінен "аблегчыць” працу
настаўнікаў і вучняў. Але падаецца, што для сапраўднага аблягчэньня працы
педагогаў ёсьць толькі адзін шлях – гэта гнаць ў шыю ўсю гэтую бязьмерна
распладзіўшуюся свору сытых катоў-упраўленцаў.
Хацелася б пасьмяяцца з усяго гэтага абсурду, але сьлёзы наварочваюцца. Як
бы нам не патапіць у гнілым бюракратычным балоце парэшткі, і бяз таго разваленай нашай сістэмы адукацыі.
З новым навучальным годам Вас, дарагія школьнікі, бацькі, проста настаўнікі
і ПДО. Дай Бог Вам выжыць у гэтай нялёгкай бітве з бюракратычнымі ветракамі.
Будзем упірацца ў перадок, як тая баба на возе, з байкі Кандрата Крапівы.
Алесь Язьвінскі
Галоўнакамандуючыя прымаюць парад
Пад крывавым сярпаста-малаткастым сымвалам
|