(Сьнежаньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)
5 сьнежня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – "Фарс ужо пачаўся” (публікуецца). З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.
Такой "перадвыбарчай кампаніі” яшчэ не было за гады лукашызма. Рэжым паводзіць сябе звычайна – яго прапаганда стварае фальшывую карцінку "вялікіх дасягненьняў” ва ўсіх галінах сацыяльнага і эканамічнага жыцьця, абяцае яшчэ большыя "дасягненьні”. Але навізна ў тым, што абсалютна ніхто ў нашай краіне ўжо ня верыць гэтай хлусьні і ня мае ілюзіяў. Мільёнам людзей абрыдла тупая і хлусьлівая дыктатура, беларусы адвярнуліся ад антынацыянальнага рэжыму. Гэта ведае і сам рэжым і Масква, якая стаіць за ім. Яны панічна баяцца, што беларусы ня пойдуць на выбарчыя ўчасткі і праваляць выбарчы фарс Народным Байкотам. Таму рэжымныя структуры хапаюцца за апошнюю саломінку, мабілізуюць на выбарчыя абяцанкі сваю псэўдаапазыцыю. "Апазыцыя” падчас збору подпісаў пачынала сваю агітацыйную кампанію лёзунгамі пра "любоў да Расеі”, абстрактнымі разважаньнямі пра "правы чалавека” і нічым не абгрунтаванымі абяцанкамі. Беларусы раўнадушна паставіліся да гэтай кволай дэмагогіі. Рэжым захваляваўся, убачыўшы правал першага этапу фарса. І тады рэжымныя ўлады адпусьцілі лейцы.
Прапагандысцкая лінія рэжыму засталася ў рэчышчы звычайнай пампезнай хлусьні. Але "кандыдаты” атрымалі магчымасьць "разаблачэньнія рэжыму”. Яны выступілі з экранаў тэлевізараў з прамовамі, у якіх гаварылі пра правалы ў эканоміцы, ахове здароўя, сацыяльнай вобласьці і г.д. Прагучалі нават "суровыя абвінавачваньні” у адрас Лукашэнкі.
Градус "перадвыбарчай кампаніі” рэзка павысіўся, фарс набывае пэўную дынаміку. "Кандыдаты” паабяцалі "перамагчы Лукашэнку” і вырашыць усе праблемы, прычым зрабіць гэта ў бліжэйшы час. А. Саннікаў заявіў нават, што "Беларусь стане вольнай праз некалькі дзён”.
Усе гэтыя словы і абяцанкі накіраваныя на тое, каб людзі пайшлі на "выбарчыя ўчасткі” дыктатуры галасаваць за іх і супраць Лукашэнкі. Псэўдаапазыцыя ведае і нават публічна прызнае, што "выбараў няма” і галасаваньне будзе сфальшавана рэжымам. І тым ня менш заклікае людзей удзельнічаць у фальшывым фарсе. Трэба прызнаць, што прамаскоўскі рэжым гуляе ў вельмі небясьпечную гульню, у яго не застаецца больш дэмагагічных рэсурсаў і няма ніякай пэрспэктывы. Наша патрыятычная пазыцыя застаецца такой, як была – неабходна мабілізаваць грамадтва на байкот выбарчага фарсу. Трэба не дапусьціць, каб падстаўныя і няшчырыя "кандыдаты” падманулі народ сваімі фальшывымі заклікамі. Неабходна актывізаваць інфармаваньне грамадзтва аб неабходнасьці байкота, якім можна праваліць фальшывыя выбары рэжыму. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра мясцовую псэўдаапазыцыю, якая мітусьліва спрабуе пераканаць грамадзтва ў неабходнасьці ўдзельнічаць у выбарчым фарсе. Пры гэтым зблыталіся ўсе партыйныя жупелы і сымпатыі. "Сацыял-дэмакраты” агітуюць за "лібэралаў” і г.д. У розных канцах краіны пачулася гуканьне ў людных месцах: "Санніков – наш презідент!” Пачынаецца раскрутка гэтай асобы як чарговага "лідэра беларускай апазыцыі”. У сувязі з гэтым партыйныя структуры павінны актыўна даносіць праўду да беларускага грамадзтва, не дапусьціць, каб нашых людзей у чарговы раз падманулі жулікі.
На Сойме былі разгледжаны мерапрыемствы па арганізацыі байкоту выбарчага фарсу.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 5 сьнежня 2010 г.