След крыві, гора і слёз
"Любі бліжняга твайго,
Як самаго сябе” Марк 12:31
Наша жыццё – гэта адно імгненне і цэлая вечнасць, радасць перамог і горыч
паразаў.
Праблемы дзяцей, што асірацелі па волі лёсу ў гады вайны, мне былі занёмы з
маленства. Побач з імі я выжываў і ішоў па жыцці. Вайна скончылася. Сёлета
народ-пераможца будзе святкаваць 65-годдзе Перамогі. Дзякуй Богу, што столькі
гадоў мы жывём пад мірным небам. Зажылі франтавыя раны, змяніліся пакаленні.
Тэма з гарчынкай, тэма незайздроснага лёсу дзяцей, што асірацелі па волі
сваіх бацькоў-алкаголікаў узнікла ў мяне на сёмым дзесятку гадоў, калі давялося
папрацаваць ў Клецкім СПЛ (Сельскагаспадаччым парфесійным ліцэі). Група маіх
навучэнцаў тут набывала прафесійную адукацыю.
Маё дзяцінства нельга лічыць цалкам шчаслівым, бо яно прайшло праз вайну і
цяжкія галодныя пасляваенныя гады. Бацька ваяваў на фронце, але побач
знаходзіліся мама, бабуля і дзядуля. У баях ва Усходняй Прусіі бацька атрымаў
скразное кулявое раненне ў грудзі, аднак выжыў і вярнуўся у сваю сям’ю. Жывым з
вайны выйшаў і мой дзядзька, бацькаў брат. У мяне была вялікая і дружная сям’я.
Але я хачу гаварыць не аб сабе. Мне хочацца распавесці пра лёс аднаго з тысяч
сірот вайны, які хоць і страціў сваіх бацькоў, аднак не меў сіроцкага жыцця.
Вёска Вароніна Клецкага раёна. Невялікая дзедава хата, дарэчы, яна і сёння
ў належным стане. Дзесяць душ жыло ў ёй: дзядуля з бабуляй, мае бацькі, я з
братам, бацькаў брат з жонкай і двума дзецьмі. Дзевяць сваіх і адзінаццаты…
Юра.
Я і цяпер не ведаю, якім чынам падлетак, які ведаў толькі сваё імя ў 1946-м
годзе з’явіўся ў нашай сям’і. У дапрызыўным узросце пры афармленні дакументаў у
сельсавеце, далі яму прозвішча на рускі лад, бо ёнбыў родам з Расіі, - Бабылёў
(ад слова бабыль - адзінокі). Ён быў вельмі добрым і ласкавым хлопчыкам,
вясёлым і паслухмяным. Выдатна ладзіў як са старэйшымі, так і з намі – дзецьмі.
Без перабольшвання магу сказаць, што ён быў любімым сынам і ўнукам, нам дзецям
– выдатным сарэйшым братам. Цяпер ужо цікава і прыемна, што нашу добрую бабулю
называў мамай, так як яе называлі нашы бацькі-сыны і нявесткі.
Калі прыйшоў час прызыву ў армію, бацькі наладзілі яму праводзіны. Служыў
Юра на Сахаліне, рэгулярна дасылаў лісты і фотакарткі. І сёння ўспамінаю, як мы
з цікавасцю прачытвалі яго лісты, у якіх ён апісваў незнаёмы нам край,
сахалінскія снежныя завеі. Ён ніколі не скардзіўся на цяжкасці, а наадварот
пісаў, што служыцца лёгка і добра, сустрэў надзейных і добрых сяброў. Мы
ганарыліся ім, і ён бачыўся нам прыгожым і мужным. Калі да брамкі падыходзіў
паштальён – колькі было ў нас радасці. Наша бабуля пераглядвала яго фотаздымкі
і ўпотайкі краем фартука выцірала слёзы.
Напрыканцы службы ў адным з лістоў, ён прасіў у сямейнай "рады” дазволу на
вярбоўку – працаваць у шахтах Данбаса…
Старэйшае пакаленне глухой беларускай вёскі яшчэ не разумела, што ў многіх
выпадках, гэта было запрашэнне ў рабства.
Юру далі адказ, каб выбар зрабіў сам, бо ў вёсцы надыйшлі яшчэ цяжэйшыя
часы. Гэта была Заходняя Беларусь. Вёска жыла аднаасобнымі гаспадаркамі, сем’і
мелі нейкія недзелы зямлі. З горам напалову людзі здабывалі нейкі кавалак
хлеба. У 1949-1950 гадах клектывізацыя прыйшла і ў нашую вёску. Калгас забраў
зямлю, каня, гумно. Фактычна "саветы” абрабавалі людзей.
І вось пасьля трох гадоў службы ў войску паехаў наш Юра працаваць па
вярбоўцы. Цяпер мы ўжо ведаем, што і ў войску і пасля яго члавечае жыццё не
шанавалася савецкай уладай. Людзі неапраўдана гінулі ад дрэнных умоў працы, ад
адсутнасці мер бяспекі і інфармаванасці па тэхніцы бяспекі на розных дзяржаўных
аб’ектах.
У хуткім часе прыйшло паведамленне, што Юра загінуў у шахце. Страшнае гора
прыйшло ў сям’ю. Плакалі ўсе. Мы яго так любілі, ён быў наш, родны, а мы – яго
сям’я.
Нядаўна мы разам з цёткай Надзяй успаміналі нашага Юру. Яна і цяпер сябе
дакарае, што адпусціла яго аднаго ў белы свет.
-
А ці
вярнуўся б ён у Вароніна, каб тады яму напісалі? – пытаюся ў яе.
-
А як
жа! – без ценю сумневу адказала цётка і, глыбока ўздыхнуўшы, дадала – Можа і
цяпер жыў бы разам з намі?
Вось гэта ўпэўненасць. Ці слухаюцца так сваіх бацькоў родныя дзеці цяпер –
падумалася мне.
У сэрцы засталіся толькі добрыя ўспаміны пра чужога, але роднага нашага Юру
і фотакартка з надпісам: "Прывітанне з Сахаліна 1951г.”
Усё гэта з гісторыяі маёй сям’і, а ў ваенныя і пасляваенныя гады такіх
прыкладаў было шмат. Асірацелых дзяцей падбіралі ў сем’і каб не пакінуць іх
сам-насам з жыццёвымі цяжкасцямі. Не помніцца, каб людзі казалі пра
міласэрнасць, людзі самі былі міласэрнасцю.
Думаецца, а ці скончылася тая вайна, калі ваенны і пасляваенны крывавы
след, а цяпер ужо след гора і слёз праходзіць праз сем’і і душы людзей?
Праходзіць між шыкоўных палацаў, дзе людзі прагнуць відовішчаў, праходзіць праз
дзіцячыя дамы і прыёмнікі, дзе заўсёды не хапае людскога цяпла.
Дзеці вайны, а цяпер ўжо нямоглыя адзінокія людзі стаяць у чарзе каб
патрапіць ў чарговыя прыёмнікі – дамы састарэлых.
Прыёмнікі, яны нават для сабак будуюцца. Фёдар Дастаеўскі калісці напісаў, што чалавецтва жыве па
двух законах: самазахавання і самаразбурэння. Дык па якому закону мы жывем,
калі здараецца, што сумленне і розум чалавека ніжэй жывёльнага інстынкта?
Чалавек расчалавечваецца?
З трыбунаў сёння гучыць заклік да народа – пабудаваць квітнеючую Беларусь.
Добрае пажаданне, аднак, Гасподзь, даруй нам грэшным і памілуй. Дай нам розуму
і сілы людзьмі звацца.
Вядома, што без хрысціянскіх прынцыпаў і маральнасці чалавецтва рухаецца да
самаразбурэння – гэта шлях у пагібель. Здаецца Махатма Гандзі казаў:”Лепей
запаліць свечку, чым бясконца праклінаць цемру”.
Каб перамагчы цемру мы павінны стаць святлом свету ад Аіфліемскай Зоркі.
Яўген Прышчэпа, г.Клецк
|