Сьвяткаваньне прыдуманага "празднічка" 3-га ліпеня
У параўнаньні з прашлагоднім сьвяткаваньнем прыдуманага сьвята 3-га ліпеня, сёлета ў Нясьвіжы усё адбывалася больш сьціпла і эканомна. Ужо не назіралася шмат тэхнікі і даражэзнага аздабленьня калён, проста ішлі паднявольныя людзі, сьвяточна апранутыя ў суадноснасьці з надвор’ем, несьлі паветраныя балёнікі, «флажкі» і іншую дробязь.
Усеабдымны фінансавы крызіс.
Захавалася толькі пагалоўная абязалаўка, па якой калектывы павінны былі забясьпечыць максымальную масавасьць.
Незразумела праўда, навошта гэта патрэбна - публічная дэманстрацыя пакорлівасьці і паслухмянасьці? Стварэньне шоў, якога ніхто, акрамя купкі раённага кіраўніцтва, нябачыць, бо ўсе самі зьяўляюцца ўдзельнікамі-артыстамі?
Відаць патрэбна самой уладзе.
Выходны дзень у календары, але ў людзей свае справы: трэба прапалоць грады, працягнуць будоўлю гаража альбо хаты, нейкія іншыя клопаты. Высокае раённае начальства загадала кожнаму працоўнаму калектыву абавязкова прысутнічаць на урачыстым прагоне ў калёне перад «руководствам района». Значыць, спачатку трэба на прагон, пасьля у грады, а пад вечар можна і «прыняць на грудзь», іначай кажучы - расслабіцца.
«Трудзяшчыхся» выканкамаўскія арганізатары падзялілі, як статак – на дзьве купкі.
Адна зьбіралася на Новым месцы, а другая выходзіла на “на шествие” з пад “Дому культуры”. Адметна, што я не заўважыў пры гэтым, што улічвалася размяшчэньне прадпрыемства, каб не цягнуцца праз увесь горад да месца збору. Так, 3-я школа, у якой я працую, крочыла з другога канца гораду, ад унівэрсаму. Калёны падыйшлі з двух бакоў, пасьля чаго новамесцкую “тармазнулі” каля першага гастраному, а прывілей прайсьці першымі аддалі “дэкоўцам”.
Людзі крочаць, як адбываюць павіннасьць, “отдают долг”, пасьля чаго калёны распушчаюцца, радзеюць. Большасьць разыходзіцца а частка застаецца сьвяткаваць – наперадзе канцэрт, блуканьне сярод шапікаў і выстаў. Падыхожу да бібліятэчнай, што разьмясьцілася пад помнікам Сымону Буднаму. Выстаўленыя кнігі, але набыць іх немагчыма. Навошта выставілі? Разглядаць вокладкі, ці для масоўкі? Месцаў каб прысесьці небагата, а ногі стамляюцца.
Сустракаю знаёмага хлопца, ён прыехаў з Рыгі і з задавальненьнем фатаграфуе нашу “экзотыку”. для яго тут ўсё дзіўна і нагадвае савецкія часы, калі таксама ганялі на дэманстрацыі. кажа, што нічога ў нас не зьмянілася да лепшага і паказушнасьць ды хлусьлівасьць рэжа вока.
Сорамна і агідна. Дакаціліся. Пара дахаты.
Увечары адбываецца завяршальнае відовішча, якое можна назіраць нават з дому – сьвяточны салют. Стрэлы і рознакаляровыя зорачкі узьлятаюць да нябёсаў. Хлебам нашыя “кормчыя” таксама забясьпечылі своечасова – выдалі адпускныя. Але, як высьвятлілася пазьней, выдалі ня ўсім.
Сьвята адбылося, хоць кожны другі ўдзельнік дакладна і ня ведае, як яно называецца і што сьвяткавалі.