АЛЬТЭРНАТЫЎНЫ ПОГЛЯД
... I ў гэтым іх віна
"Народная Воля" ніколі
не пакідала па-за ўвагай праблемы беларускай сістэмы адукацыі, у тым ліку
незайздроснае становішча настаўнікаў.
Вось і ў нумары ад 16—18 лютага 2010 года змешчаны артыкул Леанарды Юргілевіч "Пашкадуйце настаўніка".
У ім у чарговы раз распавядаецца пра тое, якім бяспраўным з'яўляецца
наша настаўніцтва. Дайшло да таго, што вясковую настаўніцу адміністрацыя прымушае наводзіць парадак у
хаце мясцовых алкаголікаў!
Але, як мне падаецца, акцэнты аўтар
расставіла памылкова. З артыкула вынікае, што такі ганебны прыніжаны стан (як у прафесійным, так і ў чалавечым плане) —
гэта не віна, а бяда настаўнікаў. Мне ж падаецца, што якраз наадварот: менавіта
віна.
Чаму могуць навучыць (у маральным плане, зразумела), які прыклад даць сваім вучням, больш таго — сваім дзецям, такія гора-настаўнікі, якія за
жабрацкі заробак гатовыя змагацца з бацькамі-алкаголікамі ці несціся па
бездарожжы ў дальнюю вёску, каб арганізаваць чарговае ідэалагічнае мерапрыемства, забіваць людзям галовы лухтой пра "мудрага прэзідэнта" і "моцную квітнеючую Беларусь"?! Не так даўно
"Народная Воля" пісала пра тое, як у Мінску настаўнікі па загадзе
зверху здымалі вучняў з заняткаў і фактычна заганялі на хакейныя гульні. Мала
таго — рабілася гэта ў разгар страшэннай эпідэміі грыпу, калі медыкі настойліва
папярэджвалі аб небяспецы знаходжання ў шматлюдных месцах. А хто забяспечвае
"элегантные победы" падчас так званых выбараў і рэферэндумаў?
Настаўнікі тых школ, у якіх, як правіла, знаходзяцца выбарчыя ўчасткі.
Гэта ж наколькі трэба не паважаць сябе і сваю працу, не мець чалавечага і грамадзянскага гонару, каб ператварыцца ў забітую, паслухмяную і бесславесную істоту?! Каб жыць, сагнуўшы спіну перад самым
дробным начальнікам, і праглынаць любыя знявагі?! Лічу, што такіх настаўнікаў
трэба не шкадаваць, а асуджаць. А шкадаваць трэба краіну, бо такія настаўнікі
выхаваюць у рэшце рэшт сабе падобных. І не трэба спасылацца на абставіны і
адносіны да настаўніцтва ўлад. Сумленны чалавек, які хоць крышачку паважае
сябе, будзе бараніць свае правы. Нават проста звольніцца і пойдзе шукаць іншую
працу, а не цярпець прымус.
За прыкладамі хадзіць далёка не
трэба. Дастаткова згадаць жахлівы выпадак, калі загадчык аддзела адукацыі
Мінскага аблвыканкама ў абразлівай форме прымусіла шэраг настаўнікаў выйсці з
апазіцыйных палітычных партый, пра гэта таксама пісала "Народная
Воля". Большасць так і зрабіла,
моўчкі сцярпеўшы абразы і парушэнне сваіх канстытуцыйных правоў. А вось
настаўнікі Наталля Ільініч з Пухавіцкага раёна і Алесь Язвінскі з Нясвіжа не
толькі засталіся вернымі сваім прынцыпам і перакананням, але і пачалі змагацца
за іх.
Змагацца, па сутнасці, за гонар
сваёй прафесіі. Бо яны — настаўнікі! І гэтым сказана ўсё.
Дзяніс РАБЯНОК, грамадскі актывіст. г.Калінкавічы.
|