Зэканомяць на ўсіх, акрамя міліцыі' Бюджэт-2010: скароцяцца выдаткі нават на органы дзяржаўнай бяспекі і праўладныя СМІ. У лідэрах па ўразанні -- адукацыя і ахова здароўя. Выдаткі кансалідаванага бюджэту Беларусі на 2010 год складуць 55,7 трыльёна рублёў (каля 19,5 мільярдаў даляраў).
Асаблівасцю 2010 года стане тое, што кансалідаваны і рэспубліканскі бюджэт — гэта ўжо не адно і тое ж. Цяпер фонд сацыяльнай абароны насельніцтва выдзелены ў асобную структуру. Яна будзе існаваць асобна ад рэспубліканскага бюджэту, але ўлічвацца ў кансалідаваным. На сацыяльную абарону — пераважна пенсіі — выдаткоўваецца траціна ад ўсіх грошай, каля 18 трыльёнаў рублёў.
Дзяржбяспека недаатрымае
Па тым, як размяркоўваюцца астатнія фінансы, можна вызначыць прыярытэты беларускай улады.
Міліцыя — наша ўсё. Толькі органы ўнутраных справаў атрымаюць налета болей, чым было сёлета. Дзяржава «падкінула» міліцыянтам яшчэ $30 млн. Цяпер у тых будзе 1,1 трыльёна рублёў ($385 мільёнаў). Для нагляднасці наступныя лічбы будуць падавацца менавіта ў пераводзе на валюту — у трыльёнах рублёў цяжка разабрацца.
На КДБ дзяржава будзе ашчаджаць — замест $85 млн, як было ў 2009 г., ім дастанецца «ўсяго» $69 млн.
Узброеным сілам таксама абрэзалі: $515 млн. У гэтым годзе было $574.
Адукацыі — менш, чым войску Міністр фінансаў Андрэй Харкавец паведаміў, што выплаты на медыцыну і адукацыю павялічацца на 6—7%. Тым не менш, супастаўленне лічбаў пераконвае ў адваротным. Канкрэтны прыклад у рублях — у законе «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2009 год» на адукацыю выдзелена 1,77 трлн рублёў. На 2010 год запланавана выдаткаваць 1,4 трлн. На 21% менш! А калі пералічыць суму ў валюце, то выходзіць яшчэ мацней. З $622 млн да $491 млн адпаведна.
Падобная сітуацыя і з медыцынай. Было $540 мільёнаў — стала $442.
У напружаным спаборніцтве між спортам і культурай ініцыятыву перахапіла сіла. Летась культура была наперадзе — 85 супраць 80 (у мільёнах даляраў). Цяпер фізкультура і спорт адыграліся. Яны атрымаюць $65 млн, на духоўнае ж выдаткоўваецца $63 млн.
Апошнюю кашулю дыпламатам
Яшчэ адна ахвяра экамічнага крызісу — праўладныя СМІ. У іх адабралі $8 млн. Здаецца, шмат, але на падтрымку лукашэнкаўскіх газет і тэлеканалаў падаткаплатнікі ўсё адно аддадуць аж $59 мільёнаў.
Эканомія кіраўніка дзяржавы на сабе не такая вялікая. Ад сёлетніх $12 млн, выдаткаваных на «дзяржаўныя органы, якія забяспечваюць дзейнасць прэзідэнта», засталося 10 млн.
Як і летась, унёскі ў саюзную дзяржаву практычна роўныя выдаткам на ўтрыманне дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі ва ўсім свеце. І тыя, і тыя ўсё растуць — $60 млн і $65 млн адпаведна.
Варта адзначыць, што бюджэт на 2009 год дадаткова пераглядаўся у маі гэтага года ў бок паніжэння. Хто ведае, ці ўдасца выканаць бюджэт‑2010, калі запланаванага эканамічнага росту дасягнуць не ўдасца.
Ягор Марціновіч 19 снежня 2009
|