Што за дазвол на вядзенне здымкаў?
5 лістапада сябра ГА «БАЖ» Андрэй Любянчук на брэсцкім аўтавакзале здымаў на відэа пасадку пасажыраў у аўтобус, што накіроўваўся ва Украіну. Неўзабаве да яго падышлі два міліцыянты і папрасілі прад’явіць дакументы і дазвол на вядзенне здымкаў.
Паводле словаў сп. Любянчука, ён прад’явіў пасведаченне БАЖ і здзівіўся пытанню пра дазвол на здымкі.
Міліцыянты кудысьці патэлефанавалі, пры гэтым некалькі разоў услых зачытаўшы назву Грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў», і пасля кансультацыі вярнулі пасведчанне ўладальніку, папярэдне перапісаўшы яго нумар. Па іх словах, ім паступіў загад праверыць у журналіста дакументы і дазвол на здымкі, але як мусіць выглядаць апошні, супрацоўнікі міліцыі самі не ведаюць.
Міліцыянты параілі А. Любянчуку шмат не здымаць, бо гэта нервуе пасажыраў. За далейшай працай журналіста яны назіралі, адышоўшы на другі бок вуліцы.
Паводле юрыста Андрэя Бастунца, не толькі журналіст, але і кожны грамадзянін мае права ажыццяўляць відэаздымкі, калі гэта не парушае правоў іншых людзей і заканадаўства аб дзяржаўных таямніцах. «Проста прадстаўнікі праваахоўных органаў традыцыйна праяўляюць павышаную пільнасць у дачыненні да людзей з камерамі», — адзначае юрыст.
Служба маніторынгу ГА "БАЖ" (Беларуская Асацыяцыя Журналістаў)
|