Крымінальная справа супраць Сяргея Панамарова - палітычны пераслед
09.06.2010. – Праваабарончы цэнтр "Вясна”
Справа супраць дэмакратычнага актывіста ўзбуджана паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса "Абраза прадстаўніка ўлады”. Спробы завесці крымінальную справу на Панамарова за вострую крытыку мясцовай ўлады на старонках выдання былі і раней. На гэты раз следчыя органы правялі экспертызу публікацыяў за 2006-2007 гады. У выніку ў больш чым 20-ці артыкулах выявілі некаторыя прыкметы абразы службовых асобаў, а ў сямі артыкулах экспертыза абразу ўстанавіла дакладна. Па факту гэтых сямі артыкулаў і была ўзбуджана крымінальная справа.
На сённяшні дзень Сяргей Панамароў фігуруе ў справе ў якасці падазраванага. Сёння, 9 чэрвеня, адбыўся першы допыт па справе. Ад следчага грамадскі актывіст даведаўся прозвішчы асобаў, якіх ён нібыта абразіў: старшыя Клецкага раённаша выканаўчага камітэту А.Бойка, суддзя раённага суда А.Гасцеева, старшыня раённага Савету дэпутатаў П.Дудук і супрацоўнікі міліцыі А.Канановіч і С.Здрок.
С.Панамароў і яго адвакат адмовіліся ад дачы паказанняў да азнаямлення з матэрыяламі справы. Праваабаронцы падкрэсліваюць сваё крытычнае стаўленне да наяўнасці падобных артыкулаў у крымінальным заканадаўстве Беларусі.
- Мы, праваабаронцы, лічым абсалютна недапушчальным у прынцыпе наяўнасць у беларускім Крымінальным кодэксе артыкулаў за такія дзеянні, як абраза ці паклёп у дачыненні да прадстаўнікоў улады, службовых асобаў, якога б рангу гэтыя асобы ні былі. Падобныя справы з’яўляюцца звычайнымі грамадска-прававымі спрэчкамі. Чалавек павінен бараніць свой гонар і годнасць у судзе, а не з дапамогай следчых і праз крымінальны пераслед, - адзначае юрыст ПЦ "Вясна” Уладзімір Лабковіч. У справе супраць Сяргея Панамарова праваабаронцы бачаць палітычны падтэкст.
- Спадар Панамароў пераследуецца за сваю палітычную пазіцыю і актыўную грамадскую дзейнасць. "Бойкі Клецк” – гэта, фактычна, адзінае свабоднае выданне ў горадзе. І, безумоўна, мясцовыя ўлады даўно хацелі такім чынам расправіцца і з распаўсюдам незалежнай інфармацыі ў горадзе і з палітычнай актыўнасцю дэмакратычнага актывіста. Таму, безумоўна, гэтыя дзеянні з’яўляюцца палітычным пераследам, - канстатуе Ул.Лабковіч.
На Панамарова пакрыўдзіліся пяць клецкіх чыноўнікаў Сямён Печанко, 9 чэрвеня 2010 – "Наша Ніва” Клецкаму выдаўцу закідаюць «наўмыснае размяшчэнне ў друкаваным сродку абразлівых звестак» пра мясцовых чыноўнікаў.
9 чэрвеня клецкі актывіст Руху «За свабоду» Сяргей Панамароў з адвакатам Паўлам Сапелкам наведаўся да следчага па асабліва важных справах Азарэвіча А. С. Нагадаем, што 25 траўня 2010 г. у дачыненні да Панамарова была распачатая крымінальная справа паводле арт.369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»).
Як паведаміў С. Панамароў, сёння з гутаркі са следчым яму сталі вядомыя прозвішчы тых самых прадстаўнікоў улады, якіх ён нібыта абразіў. Гэта старшыя Клецкага райвыканкаму А. Бойка, суддзя райсуда А. Гасцеева, старшыня раённага савету дэпутатаў П. Дудук і клецкія міліцыянты А. Канановіч і С. Здрок.
Следчымі былі правераныя матэрыялы бюлетэня «Бойкі Клецк» ад 2006 года па люты 2009-га. У іх было знойдзена некалькі дзесяткаў артыкулаў, якія, па версіі следства, былі надрукаваныя «наўмысна», «з мэтай нанесці абразу». Была прызначаная экспертыза тэкстаў, якая выявіла, што прыкметы злачынства, прадугледжанага арт. 369, прысутнічаюць у 7 артыкулам.
Сёння с. Панамароў адмовіўся адказваць на пытанні следчага, матывуючы гэта неабходнасцю азнаёміцца з матэрыяламі справы. «Пакуль невядома, ці гэта калектыўны пазоў з боку вышэйазначаных чыноўнікаў, ці яны скардзіліся на мяне ў індывідуальным парадку», — распавёў клецкі выдавец.
Нагадаем, што гэта не першая спроба завесці супраць клецкага актывіста крымінальную справу за публікацыю артыкулаў пра клецкіх прадстаўнікоў улады. Толькі цягам 2007 года пракуратура Клецкага раёну 5 разоў пачынала крымінальную справу ў дачыненні да Панамарова. Яго вінавацілі ў паклёпе ў друкаваных сродках.
|