Карэлія “ўстае з каленаў”
У жніўні вярнуліся з Карэліі, з чарговай воднай вандроўкі. Прырода акупаваных савецкімі войскамі тэрыторый Фінляндыі радуе вока. Паступова прыходзіць ў дагістарычнае становішча, бо разбураюцца дарогі і масты і толькі сьмецьце, раскіданае месцамі наведвальнікамі-турыстамі і рыбакамі, нагадвае аб 21-м стагоддзі. Надвор’е выдалася дажджлівым, таму магчыма і фарбы атрымаліся больш шэрымі ды маркотнымі.
У Беларусь мы вярталіся цягніком з Кандалакшы, а высаджваліся на бераг паблізу г. Зеленаборску. Антыстапель (разборка катамаранаў і згортваньне рыштунку) вырашылі зрабіць на беразе вадасховішча на тэрыторыі былога зеленаборскага лесаперапрацоўчага заводу.
Карціна заняпаду ўражвае. Некалі магутнае прадпрыемства, якое пастаўляла сваю прадукцыю на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюзу і за мяжу, дзе асвойваліся тысячы кубамэтраў драўніны і выраблялася абсалютна ўсё: ад сталярных вырабаў і рознастайных піламатэрыялаў – да дробных хатніх прыладаў, прыведзена ў поўны заняпад і пакінута на разрабаваньне мясцоваму насельніцтву. Праўда гэтаму папярэднічала прыватызацыя гэтага завода мясцовым мэрам гораду, які паступова распрадаў абсталяваньне, а ў летку гэтага году, відаць зразумеўшы канчатковую перспектыву “уставаньня Расеі з кален”, зьняў ахову і кінуў парэшткі прадпрыемства на волю лёсу.
Мясцовыя жыхары распавялі, як напачатку 21-га стагоддзя фіны збудавалі тут новы, поўнасьцю аўтаматызаваны цэх распілоўкі бярвеньняў, на якім было распілована ажно… тры бервяны. Парэшткі гэтага цэха, з выбітымі вокнамі і нават незапэцканымі сьценамі нам падыйшлі для прасушкі катамаранаў.
Таксама людзі распавядаюць, што высачэнныя горы пілавін, аполкаў ды іншых драўляных адкідаў, што высока ўзвышаюцца над берагам вадасховішча, паступова гніюць і забруджваюць вадаём маглі б і не існаваць. Напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя Фінляндыя прапанавала інвеставаць тут пабудову пераапрацоўчага цэху, які ператварыў бы гэты гніючы хлам у паліўныя брыкеты для патрэбаў інвестара, пасьля чаго цэх перайшоў бы ва ўласнасьць завода і мог бы пераапрацоўваць адкіды надалей і Фінляндыя купляла б іх. Мясцовае кіраўніцтва доўга думала і, незразумела чаму, адказала адмовай. Гэтая адмова незразумела толькі нармальным людзям, расіянамі жа ўсё зразумела: бяз хабару – ні якіх дазволаў.
Нялепшае відовішча ўяўляе сабою і горад Зеленаборск. Нефарбованыя дзесяцігоддзямі дамы, з парушанай месцамі тынкоўкай, раскіданымі комінамі і занядбанымі вокнамі і дзьвярыма, заросшыя хмызьняком ды крапівою вулачкі і двары здараецца нагадваюць пакінуты Чарнобыль. Пакінутыя ў цэнтры горада шматпавярховікі з выбітымі, альбо выламанымі вокнамі ўсім сваім выглядам падкрэсьліваюць заняпад.
На пытаньне, як тут у вас працуе мясцовае ДАІ, кіроўца, што нас падвозіў да Кандалакшы, сам былы супрацоўнік паліцыі адказаў: “Іх тут няма. Усіх паскарачалі па-максімуму: і даішнікаў, і паліцыю, і дзіцячыя садкі…”
Алесь Язвінскі
Былы лесапераапрпцоўчы завод у г. Зеленаборск, Карэлія, 2015.
г.Зеленаборск.
|