Князі валодалі гэтым палацам да 1930‑х гадоў.
У Рыме адшукалі палац Радзівілаў Будынак быў прададзены яшчэ перад Другой сусветнай вайной, таму ніхто з сучаснікаў пра яго не ведаў. Князі валодалі гэтым палацам да 1930‑х гадоў. Палац Радзівілаў у Рыме можна назваць напраўду невядомым — яго няма ў турыстычных даведніках, пра яго ведаюць нават не ўсе даследчыкі гісторыі роду. Князі валодалі ім да 1930‑х гадоў, пасля прадалі ў сувязі з вялікімі выдаткамі.
Пра месцазнаходжанне гэтага палацу нам падказала князёўна Эльжбета Радзівіл у часе летняга візіта ў Нясвіж. Палац удалося адшукаць, сёння ў ім знаходзіцца ліцэй.
Раён, дзе стаіць палац, досыць прэстыжны — наўкол суцэльна асабнякі заможных рымлян, банкі, непадалёк — амерыканская амбасада, за 10 хвілін можна дайсці да славутай Плошчы Рэспублікі.
Палац чатырохпавярховы, небагата дэкараваны, даволі вялікі, з прылеглым садам. У садзе цяпер месціцца спартовая пляцоўка для ліцэістаў. Дзверы з вуліцы шчыльна зачыненыя, на званок ніхто не адгукаецца. Я паспрабаваў зайсці ў двор, але нейкая жанчына выбегла насустрач і замахала рукамі, лапочучы па‑італійску: «Ліцэо! Ліцэо! Нот энтэр!»
Па‑ангельску яна не разумела ўвогуле, таму давялося падпарадкавацца і выйсці назад на вуліцу.
Па вяртанні дадому я звязаўся з пані Эльжбетай Радзівіл і папрасіў распавесці колькі словаў пра палац.
Эльжбета Радзівіл: Там разам з бабкай жыў пан Крупеньскі, расіянін. Жыў наш лекар, аўстрыяк Досталь… Жыла яе сяброўка Галіна Булгак.
Еўрарадыё: А з сям’і ці жыў яшчэ хто?
Эльжбета Радзівіл: Мой бацька, калі прыязджаў, жыў. Я некалькі месяцаў жыла — у 1929 годзе…
Еўрарадыё: Бо я гляджу, што такі дужы палац…
Эльжбета Радзівіл: Дужы! Але ж і бабка мая была дужая!.. (смяецца) Яна была вельмі мажная кабета!..
Адметна, што менавіта гэты палац адыграў вялізную ролю для Радзівілаў у ХХ стагоддзі. Менавіта тут, у Рыме, бабуля пані Эльжбеты Марыя Ружа Браніцкая пазнаёмілася з італьянскай каралевай, якая заходзіла часам да пані Марыі на каву.
І калі пасля 17 верасня 1939 года Радзівілаў кінулі ў канцлагер пад Масквой, менавіта каралева Італіі выставіла савецкім уладам ультыматум: ці выпускаеце Радзівілаў, ці мы больш не хаўруснікі. Камуністы вырашылі, што выпусціць Радзівілаў будзе танней.
Ці мае палац Радзівілаў у Рыме гісторыка‑архітэктурную каштоўнасць? Гэтая пытанне мы задалі магістру мастацтвазнаўства Сяргею Харэўскаму.
Сяргей Харэўскі: «Гэты палац адносіцца да эпохі Віктара Эмануіла. Гэта сярэдзіна ХІХ стагоддзя, італьянскі неакласіцызм. Зважаючы на выключную мемарыяльную значнасць гэтага аб’екта для беларусаў, бясспрэчна, хацелася б, каб палац быў уключаны ў спіс абавязковых месцаў для наведвання беларускімі турыстамі ў Рыме».
Адметна, што пра палац Радзівілаў у Рыме не ведаюць нічога дакладна нават у Нясвіжскім гісторыка‑культурным запаведніку, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца цяпер замак Радзівілаў. Гаворыць намесніца дырэктара Галіна Кандрацьева.
Галіна Кандрацьева: «Мы пра яго чулі ад Эльжбеты Радзівіл, і нават бачылі здымкі, дзе Марыя Ружа з Браніцкіх выяўлена менавіта ў гэтым палацы. Аднак, на жаль, больш падрабязнай інфармацыі і знешняга выгляду палаца мы не маем. Таму для нас гэта вельмі важна! Мы спадзяемся, што вы перадасцё нам гэтыя здымкі для ўключэння ў экспазіцыю пра палацы Радзівілаў у Еўропе. Бо гэта ці не адзіны род, які меў палацы ў дзевяці еўрапейскіх краінах! Таму ваш матэрыял мы абавязкова выкарыстаем у сваёй экспазіцыі».
Раман Тумашык Еўрапейскае радыё для Беларусі
|